Перайсці да зместу

Гістарычны слоўнік беларускай мовы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычны слоўнік беларускай мовы
Гістарычны слоўнік беларускай мовы
Аўтар Іван Ігнатавіч Крамко, Аляксандр Мікалаевіч Булыка, Зофія Канстацінаўна Турцэвіч[d], Валянціна Уладзіміраўна Мяснікова[d] і Рэгіна Станіславаўна Гамзовіч[d]
Жанр акадэмічнае выданне
Арыгінал выдадзены 1982–2017
Выдавецтва Навука і тэхніка
Месца публікацыі Мінск

«Гістарычны слоўнік беларускай мовы» — шматтомны акадэмічны гістарычны слоўнік. Выдадзены ў 37 выпускаў у 1982–2017 гадах. Слоўнік максімальна поўна адлюстроўвае склад, стан, якасць беларускай лексікі XІV — XVIII стагоддзяў[1]. Крыніцай лексічнага матэрыялу для слоўніка паслужыла пісьменнасць, створаная беларускім народам на працягу яго гісторыі.

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Першая спроба выдання гістарычнага слоўніка беларускай мовы адносіцца да 1860-х гг. — мовазнавец Іван Насовіч падрыхтаваў такі слоўнік («Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў…»), але той не быў выдадзены.

Аб патрэбе выдання спецыяльнага слоўніка старабеларускай мовы шмат казаў мовазнавец Яўхім Карскі. Ён прапаноўваў прааналізаваць найважнейшыя дакументы і літаратуру XIII—XVIII стагоддзяў і параўнаць з лексікай украінскай і польскай мовы адпаведнага перыяду. Аднак праз вялізны аб’ём працу ўсё адкладалі.

Ізноў гэта пытанне ўзняла слоўнікавая камісія Інстытута беларускай культуры. Распачаць працу вырашылі ў 1927 годзе. На руках у навукоўцаў тады было 20 старажытных пісьмовых крыніц, але яны разлічвалі падчас падрыхтоўкі слоўніка адшукаць новыя дакументы. Але пачаліся 1930-я, рэпрэсіі, і справу ў чарговы раз давялося адкласці.

Падрыхтоўка і выданне

[правіць | правіць зыходнік]

Праца над слоўнікам была пачатая ў створаным у пач. 1950-х гг. у аддзеле гісторыі беларускай мовы Інстытуту мовазнаўства АН БССР. Першы этап працы над слоўнікам працягваўся 12 гадоў. Вынікам стала вызначэнне крыніц, храналагічных межаў, выпрацоўка прынцыпаў напісання слоўніка і стварэння картатэкі.

У 1960 былі абмеркаваны агульныя прынцыпы стварэння слоўніка і пачатая падрыхтоўка спецыяльнай картатэкі пад назвай «Слоўнік помнікаў старабеларускай пісьменнасці XIV—XVIII стагоддзя». Праца адбывалася пад кіраўніцтвам А. І. Жураўскага, тады загадчыка аддзела, і была скончана ў 1972; картатэка на 1994 налічвала 1 млн. 60 тыс. картак. Непасрэдная работа па падрыхтоўцы слоўніка была пачатая ў 1973.

У выніку ў слоўнік увайшла старабеларуская лексіка XIV—XVIII стагоддзяў, якая сустракалася ў свецка-мастацкіх, рэлігійных і дзелавых пісьмовых крыніцах. Большасць вывучаных дакументаў адносяцца да канца XV — сярэдзіны XVII стагоддзя.

На працягу 1982—2010 пад рэдакцыяй акадэміка А. М. Булыкі выйшлі 30 выпускаў-тамоў з запланаваных 40 (30-ы на словы Ралецъ — Рушать); з іх 13 (аб’ёмам па 20 аркушаў) — да 1994, 25 — да 2006. Тыраж 30-га тому 400 экз. У 2017 годзе выйшаў заключны, 37 выпуск, і ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася прэзентацыя «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы»[2].

Навуковая супольнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Над напісаннем слоўнікавых артыкулаў працавалі Іван Крамко, Аляксандр Булыка, Зофія Турцэвіч, Валянціна Мяснікова, Рэгіна Гамзовіч і многія іншыя мовазнаўцы. Рэдактарамі слоўніка былі дактары філалагічных навук, прафесары, члены-карэспандэнты НАН Беларусі Аркадзь Жураўскі (выпускі 1 — 14) і Аляксандр Булыка (выпуск 1 — 37).

У «Гістарычным слоўніку беларускай мовы» змешчана больш за 75 тысяч слоў, што ў XІV – пачатку XVIII ст. ужывалася ў сферах бытавога, грамадска-палітычнага, юрыдычнага, сацыяльна-эканамічнага, прафесійна-вытворчага, гаспадарчага, ваеннага, навуковага, культурнага, рэлігійнага жыцця беларускага народа. Крыніцамі матэрыялу сталі старабеларускія арыгінальныя і перакладныя пісьмовыя помнікі – дагаворы, граматы, канцылярска-юрыдычныя дакументы, статуты, летапісы, хронікі, хранографы, воінскія і рыцарскія раманы і аповесці, мемуарная, публіцыстычная, навуковая і рэлігійная літаратура[1]. Прадстаўлена лексіка Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Фёдара Еўлашоўскага, Мацея Стрыйкоўскага, Іпація Пацея, Пятра Скаргі і інш.

Слоўнікавы артыкул у ім мае наступную будову: загаловачнае слова, граматычная памета, тлумачэнне значэння слова і ілюстрацыя (прыклад ужывання слова ў якім-небудзь помніку старажытнабеларускай пісьменнасці)[1]. Прыклады выбраны з такім разлікам, каб паказаць ужывальнасць лексемы ў тэкстах рознай жанравай прыналежнасці, рознага храналагічнага перыяду (сярод крыніц пераважаюць помнікі ХVІ — ХVІІ стагоддзяў). Прадстаўлены ў слоўніку мнагазначныя словы, словы-амонімы, устойлівыя выразы.

Загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Наталля Паляшчук заўважыла:[2]

"

Праз гэту лексіку мы адкрываем асаблівасці менталітэту і веравызнання нашых продкаў, іх этычныя арыенціры і прыярытэты.

"

Навуковая супрацоўніца аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства Ганна Федарэнка адзначае, што некаторыя словы можна вярнуць у мову — выкарыстоўваць, напрыклад, у найменні кампаній, тавараў, паслуг, прадуктаў харчавання[3].

Зноскі

  • Булыка А. М. Шляхі слова — шляхі народаў // Наша слова, № 6, 1994.
  • Шамякіна М. У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі // Полымя № 10, 2005. С.138—151