Дажджавыя чэрві

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дажджавыя чэрві

Дажджавы чарвяк Lumbricus terrestris
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Lumbricina


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  69069
NCBI  6391
EOL  2564863

Дажджавыя чэрві, земляныя чэрві (Lumbricina) — агульная назва 5 сямействаў кольчатых чарвей класа алігахетаў, або малашчацінкавых кальчацоў.

Знешняя будова[правіць | правіць зыходнік]

Даўжыня 2 см — 3 м (Eisenia magnifica), шырыня да 20 мм. Цела моцна выцягнутае цыліндрычнае, крыху сплясканае або чатырохграннае, здольнае скарачацца і падаўжацца, светла-шэрае, зялёнае, вішнёва-чырвонае, чорна-бурае. Складаецца з 60 — 450 членікаў (сегментаў), на кожным з іх (акрамя першага) ад 8 да некалькіх дзесяткаў шчацінак, што дапамагаюць пры поўзанні і ўтрыманні ў нары. На пярэднім канцы цела паясок, што выдзяляе рэчыва, якое склейвае дзве асобіны пры спароўванні і ўтварае яйцавы кокан.

Цела сегментавана. Аднолькава пабудаваныя ўчасткі цела ў выглядзе кольцаў паўтараюцца ўздоўж падоўжнай восі. Колькасць сегментаў — больш за 100. На брушной і бакавых частках цела чарвяка ёсць пругкія і кароткія шчацінкі. Іх рухамі ўпраўляюць спецыяльныя мышцы. Шчацінкі дапамагаюць чарвяку рухацца наперад па паверхні глебы і асабліва ў час капання норкі.

Спосаб жыцця[правіць | правіць зыходнік]

Дажджавыя чэрві жывуць у глебе. Яны толькі зрэдку з’яўляюцца на яе паверхні ў начны час або пасля дажджу. У глебах, багатых на перагной, або каля куч гною чарвей асабліва многа. У сухой пясчанай глебе дажджавыя чэрві не сустракаюцца.

Актыўныя ноччу, днём выпаўзаюць з зямлі толькі пасля дажджу (адсюль назва - дажджавыя). Сапрафагі. Жывяцца пераважна рэшткамі раслін.

Добра развітыя нервовая, крывяносная, стрававальная, выдзяляльная і палавая сістэмы, органы дотыку, нюху, здольнасць да рэгенерацыі. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты.

Скурна-мускульны мяшок[правіць | правіць зыходнік]

Цела дажджавога чарвяка пакрыта адным слоем клетак эпітэлія, якія выдзяляюць вонкі эластычную кутыкулу. Яна выконвае ахоўную функцыю. Шматлікія залозы гэтага слоя выпрацоўваюць слізь, якая аблягчае рух чарвяка ў глебе і забяспечвае магчымасць скурнага дыхання. Пад вонкавым покрыўным слоем размяшчаюцца два віды мышцаў: кальцавыя, а глыбей — падоўжныя. Скурныя покрывы і мускулатура ўтвараюць скурна-мускульны мяшок. Скарачэнні і расслабленні мышцаў выклікаюць змяненне даўжыні і таўшчыні цела і садзейнічаюць руху чарвей.

Поласць цела[правіць | правіць зыходнік]

Унутры скурна-мускульнага мяшка знаходзіцца поласць цела, высцеленая эпітэліем і запоўненая поласцевай вадкасцю. У ёй размешчаны ўнутраныя органы. Поласць цела раздзелена эпітэліяльнымі перагародкамі на камеры, колькасць якіх адпавядае колькасці кольцаў чарвяка. Такая будова перашкаджае гібелі жывёлы пры пашкоджанні асобных участкаў цела.

Дзякуючы сегментацыі цела дажджавыя чэрві, выпадкова разрэзаныя на дзве часткі, аднаўляюць (рэгенеруюць) органы і тканкі, якіх не хапае. Стрававальная сістэма. Дажджавы чарвяк жывіцца перагніўшымі расліннымі рэшткамі, якія ён заглынае разам з зямлёй. Ён можа зацягваць у сваю земляную норку апалыя лісты і праглынаць іх па частках. Рот дажджавога чарвяка размешчаны на пярэднім канцы цела. Рот пераходзіць у ротавую поласць і далей у мускульную глотку. З глоткі ежа перамяшчаецца ў стрававод, задняя частка якога расшырана і ўтварае валляк, дзе ежа назапашваецца. Затым ежа паступае ў страўнік. Яго мускульныя сценкі дапамагаюць здрабняць і змешваць ежу са стрававальнымі сокамі, што паляпшае яе ператраўліванне. Завяршэнне ператраўлівання і ўсмоктванне раствораных пажыўных рэчываў адбываецца ў сярэднім аддзеле кішэчніка. Неператраўленыя рэшткі абязводжваюцца ў заднім аддзеле кішэчніка і выдаляюцца праз анальную адтуліну.

У дажджавога чарвяка развіты вапнавыя залозы, сакрэт якіх паступае ў валляк і нейтралізуе кіслоты гумусу глебы.

Кровазварот і дыханне[правіць | правіць зыходнік]

Крывяносная сістэма ўтворана двума падоўжнымі сасудамі: спінным і брушным, якія злучаюцца ў кожным сегменце кальцавымі сасудамі. Ад асноўных сасудаў адыходзяць больш дробныя падскурныя капіляры, якія ўтвараюць густую сетку. Дробныя крывяносныя сасуды не толькі разносяць пажыўныя рэчывы ад кішэчніка да ўсіх органаў і тканак, але і забяспечваюць магчымасць скурнага дыхання жывёлы. Праз паверхневыя капіляры скуры паглынаецца кісларод і выдаляецца вуглякіслы газ. Газаабмену садзейнічае слізь, якая ўвільгатняе покрывы чарвей.

Сэрца няма, рух крыві адбываецца за кошт скарачэння спіннога сасуда і некаторых пярэдніх кальцавых. Кроў у чарвей чырвоная, у ёй ёсць пігменты, якія актыўна звязваюць кісларод і садзейнічаюць газаабмену. Прысутнасцю ў крыві гэтых пігментаў і тлумачыцца чырвоны колер маладых дажджавых чарвей, скрозь тонкія покрывы якіх прасвечвае густая сетка капіляраў. Кроў цячэ толькі па сасудах, не змешваючыся з поласцевай вадкасцю. Такая крывяносная сістэма называецца замкнутай.

Выдзяляльная сістэма[правіць | правіць зыходнік]

Выдзяляльная сістэма складаецца з метанефрыдыяў. Метанефрыдыі — гэта выдзяляльныя трубачкі. На ўнутраным канцы, звернутым у поласць цела, яны маюць варонку, акружаную венчыкам раснічак, а на знешнім канцы — выдзяляльную пору. Такіх трубачак у кожным сегменце дзве: левая і правая. Звычайна варонка метанефрыдыяў размешчана ў адным сегменце, канал праходзіць праз перагародку паміж сегментамі, а пора адкрываецца ў наступным сегменце. Шкодныя прадукты жыццядзейнасці паступаюць з поласцевай вадкасці ў варонку за кошт біцця яе раснічак і па канале выводзяцца вонкі.

Нервовая сістэма[правіць | правіць зыходнік]

Нервовая сістэма дажджавога чарвяка ўтворана скопішчамі нервовых клетак — нервовымі вузламі, або гангліямі. У галаўным аддзеле над глоткай размешчана пара надглотачных, пад глоткай — пара падглотачных гангліяў, злучаных нервовымі перамычкамі ў каляглотачнае нервовае кольца. У кожным сегменце цела кальчацоў на брушным баку ёсць пара гангліяў. Усе гангліі тулаўных сегментаў злучаны падоўжнымі і папярочнымі нервамі і ўтвараюць брушны нервовы ланцужок. Ад нервовых вузлоў адыходзяць нервы да органаў смаку і дотыку, якія ўспрымаюць розныя раздражненні.

Размнажэнне і развіццё[правіць | правіць зыходнік]

Дажджавыя чэрві — гермафрадыты. У перыяд размнажэння пара чарвей злучаецца пярэднімі часткамі цела і абменьваецца сперматазоідамі. Сперматазоіды паступаюць у скурныя ўпукленні — семяпрыёмнікі, пасля чаго чэрві разыходзяцца. У пярэдняй частцы цела размешчана асобае патаўшчэнне покрываў — паясок, утворанае залозістымі клеткамі. Паясок выдзяляе слізь, якая ў выглядзе «муфтачкі» акружае ўчастак цела чарвяка. Рухамі скурна-мускульнага мяшка муфтачка перамяшчаецца да пярэдняга канца цела. Спачатку ў яе з яечніка трапляюць яйцы, а затым з семяпрыёмнікаў — сперматазоіды другога чарвяка. Так адбываецца апладненне яец. Затым муфтачка з аплодненымі яйцамі спаўзае з пярэдняга канца цела чарвяка, яе краі змыкаюцца і ўтвараюць кокан, у якім развіваюцца маладыя чэрві.

Дажджавыя чэрві звычайна адкладваюць за год 30—40 коканаў, якія ўтрымліваюць па некалькі яец у кожным. Авальныя, карычняватыя, памерам каля 0,5 см коканы дажджавых чарвей можна ўбачыць пры ўскопванні напр. агароднай градкі. Пасля заканчэння развіцця маладыя чэрві пакідаюць кокан.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Налічваецца каля 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у глебе, подсціле, буйныя віды рыюць хады глыбінёю да 8 м. На Беларусі 13 відаў, найбольш пашыраны пашавы чарвяк (Aporrectodea caliginosa), малы чырвоны чарвяк, або малы выпаўзак ((Lubricous rubellus), эйзеніела чатырохгранная (Eiseniella tetraedra), гааявы чарвяк, вялікі чырвоны выпаўзак (Lumbricus terrestris) і інш.

Сямействы[правіць | правіць зыходнік]

Значэнне ў прыродзе[правіць | правіць зыходнік]

Дажджавыя чэрві рыхляць і ўзбагачаюць глебу мінеральнымі рэчывамі, надаюць ёй устойлівую дробна-камякаватую структуру, спрыяюць аэрацыі і ўвільгатненню. Некаторыя — гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў жывёл і чалавека.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 222 с.: іл. ISBN 978-985-03-1367-6.