Крывяносныя сасуды
Крывяносныя сасуды — эластычныя трубчастыя ўтварэнні ў целе жывёл і чалавека, па якіх сілай рытмічнага скарачэння сэрца ці пульсуючага сасуда ажыццяўляецца перамяшчэнне крыві па арганізме: да органаў і тканак па артэрыях, артэрыёлах, артэрыяльных капілярах, і ад іх да сэрца — па вянозных капілярах, венулах і венах.
Класіфікацыя крывяносных сасудаў
[правіць | правіць зыходнік]Сярод сасудаў крывяноснай сістэмы адрозніваюць артэрыі, артэрыёлы, капіляры, венулы, вены і артэрыёла-вянозныя анастамозы; сасуды сістэмы мікрацыркулятарнага рэчышча ажыццяўляюць узаемасувязь паміж артэрыямі і венамі. Сасуды розных тыпаў адрозніваюцца не толькі па сваёй таўшчыні, але і па тканкавым складзе і функцыянальных асаблівасцях.
- Артэрыі — сасуды, па якіх кроў рухаецца ад сэрца. Артэрыі маюць тоўстыя сценкі, у якіх утрымліваюцца мышачныя валокны, а таксама калагенавыя і эластычныя валокны. Яны вельмі эластычныя і могуць звужацца ці пашырацца, у залежнасці ад колькасці крыві, якая перапампоўваецца сэрцам.
- Артэрыёлы — дробныя артэрыі па току крыві, якія непасрэдна папярэднічаюць капілярам. У іх сасудзістай сценцы пераважаюць гладкія мышачныя валокны, дзякуючы якім артэрыёлы могуць змяняць велічыню свайго прасвету і, такім чынам, супраціўленне.
- Капіляры — гэта найдрабнейшыя крывяносныя сасуды, настолькі тонкія, што рэчывы могуць свабодна пранікаць праз іх сценку. Праз сценку капіляраў ажыццяўляецца аддача пажыўных рэчываў і кіслароду з крыві ў клетцы і пераход вуглякіслага газу і іншых прадуктаў жыццядзейнасці з клетак у кроў.
- Венулы — дробныя крывяносныя сасуды, якія забяспечваюць у вялікім крузе адток абедненай кіслародам і насычанай прадуктамі жыццядзейнасці крыві з капіляраў у вены.
- Вены — гэта сасуды, па якіх кроў рухаецца да сэрца. Сценкі вен не такія тоўстыя, як сценкі артэрый і ўтрымліваюць адпаведна менш мышачных валокнаў і эластычных элементаў.
Будова крывяносных сасудаў (на прыкладзе аорты)
[правіць | правіць зыходнік]Гэты прыклад апісвае будову артэрыяльнага сасуда. Будова іншых тыпаў сасудаў можа адрознівацца ад апісанага ніжэй. Падрабязней гл. адпаведныя артыкулы.
Аорта выслана знутры эндатэліем, які разам з ніжэйшым слоем рыхлай злучальнай тканкі (субэндатэліем) утварае ўнутраную абалонку (лац.: tunica intima). Сярэдняя (эластычная) абалонка (лац.: tunica media) аддзелена ад унутранай вельмі тонкай унутранай эластычнай мембранай. Сярэдняя абалонка складаецца з вялікай колькасці эластычных вакончатых мембран. Па-над сярэдняй абалонкай ляжыць вонкавая эластычная мембрана, якая складаецца з пучкоў эластычных валокнаў (лац.: tunica adventitia).
Захворванні сасудаў
[правіць | правіць зыходнік]Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Крывяносныя сасуды