Даніэль Давыдавіч Марошак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Даніэль Давыдавіч Марошак (1933 — ?) — студэнт Мінскага медыцынскага інстытута, нонканфарміст, палітычны вязень.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1933 у г. Мінск у сям’і служачых.

На чацвёртым курсе навучання ў Мінскім медыцынскім інстытуце быў арыштаваны і абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі і прапагандзе, а таксама ў стварэнні контррэвалюцыйнай арганізацыі. Арышт адбыўся 19 кастрычніка 1954 у доме бацькоў па адрасе: вул. Карла Лібкнехта, д. 30, кв. 4.

Па гэтай жа справе быў арыштаваны яшчэ адзін студэнт медінстытута Уладзімір Казлоў. Марошак і Казлоў сябравалі, размаўлялі на палітычныя тэмы, разам удзельнічалі ў спробе стварыць у інстытуце літаратурны гурток.

Па версіі бацькоў Д. Марошака, непасрэднай падставай для арышту сына быў ягоны ліст да школьнага сябра Зільберга, раней пацярпелага ад дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце. У лісце крытыкаваліся антысеміцкія кампаніі ў СССР («барацьба з бязродным касмапалітызмам», «змова ўрачоў»). Таксама ў гэтым лісце лад у СССР пры Сталіне называўся «дзяржаўным капіталізмам, дыктатурай аднаго чалавека». Ліст быў перахоплены паштовай цэнзурай. Следствам і судом гэты ліст быў расцэнены як «антысавецкі».

4 студзеня 1955 года Д. Марошак разам з У. Казловым быў асуджаныя па артыкулах 72-а і 76 Крымінальнага кодэксу БССР («антысавецкая агітацыя і прапаганда» і «антысавецкая арганізацыйная дзейнасць») на 5 гадоў пазбаўлення свабоды з паражэннем у выбарчых правах на 3 гады. Студэнты-медыкі былі прызнаны судом вінаватымі ў тым, што «они в разное время, начыная с 1951 года, среди окружающих их лиц проводили антисовецкую агитацию, они возводили клефету на мероприятия Партии и Советского Правительства по колхозному строительству и др.; клеветали на национальную политику в СССР и советскую лействительность, восхваляли порядки в капиталистических странах»[1].

Адбываць тэрмін Д. Марошак быў адпраўлены ў лагер пад Варкутой («паштовая скрыня» Ж-175/29).

Маці Д. Марошака Фаня Беньямінаўна Марошак здзяйсняла актыўныя захады па абскарджванні прысуду. У 1956 годзе ён быў апратэставаны, у выніку чаго прысуд паводле артыкула 76 КК БССР быў адменены, а справа за недаказанасцю абвінавачання спыненая. Прысуд па артыкуле 72-а быў зменены, а прызначанае пакаранне было зніжана да двух гадоў пазбаўлення свабоды кожнаму, без паражэння ў выбарчых правах. 22 жніўня 1956 года Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР было прынята рашэнне аб вызваленні Д. Марошака і У. Казлова са зняццем судзімасці. 5 верасня Д. Марошак быў вызвалены і накіраваўся ў Мінск.

У Мінску Д. Марошак скончыў навучанне ў інстытуце, атрымаў кваліфікацыю ўрача і быў размеркаваны ў г. Краснатур’інск Свярдлоўскай вобласці, куды прыбыў у чэрвені 1959 г. У верасні быў пераведзены ў г. Ваўчанск, дзе працаваў у тэрапеўтычным аддзяленні бальніцы № 5 у якасці ардынатара і вёў участковую работу. Далейшы лёс невядомы.

Бацькі Д. Марошака паспрабавалі дамагчыся яшчэ аднаго перагляду справы і яе спынення, для чаго накіравалі скаргу ў пракуратуру СССР. У жніўні 1960 года, пасля перагляду справы, скарга была пакінута без задавальнення. 19 жніўня 1997 года Д. Марошак і У. Казлоў былі рэабілітаваныя Прэзідыумам Вярхоўнага суда Беларусі.

Зноскі

  1. Валодзін, У. Медыкі, якія «паставілі дыягназ» краіне /Уладзімір Валодзін // Новы час. — 2018. — 31 жніўня. — № 31(594). — С. 5-6.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Валодзін, У. Медыкі, якія «паставілі дыягназ» краіне /Уладзімір Валодзін // Новы час. — 2018. — 31 жніўня. — № 31(594). — С. 5-6.
  • Дзярновіч, А. Казлоў Уладзімір Георгіевіч / Алег Дзярновіч // Нонканфармізм у Беларусі, 1953—1985: Даведнік / Архіў найноўшае гісторыі; [Аўтар-уклад. А. Дзярновіч]. — Мінск: Athenaeum, 2004. — 252 с.
  • Маракоў, Л. Даніэль Давыдавіч Марошак / Леанід Маракоў // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991: Энцыклапедычны даведнік: У 3т., Т.3 Кн. 2. Лабадаеў-Яцына. — Мінск, 2005. — С. 88.
  • 58-10. Надзорные производства прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Аннотированный каталог. Март 1953—1991. Москва, 1999. — С. 237.