Дасія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Дасі́я (грэч. δασεῖα, ад стар.-грэч.: δασύ πνεῦμα; лац.: spiritus asper), густое прыдыханне[1] — надрадковы дыякрытычны знак, які выкарыстоўваўся ў Грэцыі з позняй антычнасці (уведзены навукоўцамі александрыйскай школы) да рэформаў канца XX стагоддзя, а таксама пэўны час і ў кірылічным царкоўнаславянскім пісьме. Першапачаткова выглядаў як левая палова літары H (), пазней ператварыўся ў L-падобны кручок, яшчэ пазней (у грэчаскім курсіве) — у нешта падобнае да «(» ці да надлітарнай перавернутай коскі[2] (напрыклад: ); у гэтым апошнім выглядзе патрапіў у славянскае пісьмо (аднак у некаторых найстаражытных помніках сустракаецца і ў першапачатковай форме).

У старажытнагрэчаскай мове абазначаў «густое прыдыханне», h-падобны прыгук перад галоснымі ў пачатку словы (адсюль часта паходзіць пачатковае h- у латынізаваных формах грэчаскіх імёнаў і інтэрнацыяналізмаў, накшталт Homer, Helena, hexametron, hippodromos і да т.п.). Часам таксама прыдыханне пры літары ро, што ў лацінцы дае спалучэнне rh: rho, myrrha і да т.п.

У грэчаскім пісьме дасія (як і псіла) можа спалучацца са знакамі націску.

У славянскім пісьме густое прыдыханне сустракалася досыць рэдка і паступова выйшла з ужывання; аднак да сярэдзіны XVII стагоддзя, асабліва ва ўкраінскіх выданнях, праводзіліся спробы паказваць розніцу двух грэчаскіх прыдыханняў у запазычанняў, перш за ўсё ва ўласных імёнах. Водгаласам гэтай сістэмы з’яўляецца правіла, якое часам згадваецца, але ў рэальнай друкарскай практыцы не адлюстроўваецца: «густое [прыдыханне] пішацца ў замежных словах, якія пачынаюцца з іжыцы»[3].

Найстаражытны знак дасія () лёг у аснову літарна-лінейнай дасійнай натацыі IX—X стагоддзяў, якой былі запісаны першыя ў Еўропе ўзоры шматгалоснай музыкі.

У Юнікодзе дасія прысутнічае з кодам U+0314 для грэчаскага алфавіта і U+0485 для кірыліцы. Акрамя таго, асобныя коды адведзены шэрагу маналітных сімвалаў для грэчаскіх літар з гэтым знакам.

Зноскі

  1. А. І. ГРУША. БЕЛАРУСКАЯ КІРЫЛІЧНАЯ ПАЛЕАГРАФІЯ
  2. B. A. Van Groningen, «Short manual of Greek palaeography», Leiden, 1955, стар. 51—52.
  3. Архимандрит д-р Атанасий Бончев, «Църковнославянска граматика и речник на църковнославянския език», София: Синодално издателство, 1952, стр. 13.