Джэймс Брэндан Коналі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Джэймс Брэндан Коналі

Джэймс Брэндан Бенет Коналі (англ.: James Brendan Bennet Connolly, ірл.: Séamas Breandán Ó Conghaile; 28 кастрычніка 1868, Бостан — 20 студзеня 1957, Бруклайн) — амерыканскі лёгкаатлет і пісьменнік, чэмпіён летніх Алімпійскіх гульняў 1896 года.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Быў адным з 12 дзяцей у сям'і Джона і Ганны Коналі, ірландскіх каталіцкіх эмігрантаў з Голуэя. У дзяцінстве займаўся спортам — гуляў у амерыканскі футбол і займаўся лёгкай атлетыкай. У 1895 годзе паступіў у Гарвардскі ўніверсітэт, і на наступны год паехаў на грузавым караблі ў Афіны, каб прыняць удзел у I Летніх Алімпійскіх гульнях. За тое, што ён паехаў туды без дазволу ва ўніверсітэце, яго адлічылі.

Удзельнічаючы ў гульнях, ён выйграў тры медалі, у тым ліку адзін залаты. Спачатку, 6 красавіка ён удзельнічаў у спаборніцтве па трайным скачку. Ён амаль на метр абышоў бліжэйшага суперніка з Францыі Аляксандра Цюферы, і з вынікам у 13,71 м, перамог у спаборніцтве. Гэта спаборніцтва праходзіла раней за іншыя, і Джэймс Коналі стаў самым першым Алімпійскім чэмпіёнам.

На наступны дзень, 7 красавіка, ён спаборнічаў у скачку ў даўжыню. З вынікам у 5,84 м, ён заняў трэцяе месца, саступіўшы двум сваім суайчыннікам Элеры Кларку і Роберту Гарэту. 10 красавіка, Коналі прыняў удзел у скачку ў вышыню. Ён падзяліў другое месца з Гарэтам, паказаўшы з ім адзін вынік у 1,65 м. Першае месца ў тым спаборніцтве заняў Кларк.

Праз чатыры гады, Коналі паехаў на Летнія Алімпійскія гульні ў Парыжы, каб абараніць свой чэмпіёнскі тытул. Аднак ён не змог гэтага зрабіць, прайграўшы толькі суайчынніку Маеру Прынштайну.

У 1906 годзе, Коналі ўдзельнічаў у неафіцыйных летніх Алімпійскіх гульнях, якія прайшлі ў Афінах. Ён удзельнічаў у скачку ў даўжыню і трайным скачку. У першым спаборніцтве ён заняў 27-е месца, а ў другім — 18-е.

Пасля гульняў, Коналі змяніў шмат прафесій — ён працаваў у марскіх доках, удзельнічаў у Іспана-Амерыканскай вайне, быў журналістам (пісаў артыкулы пра вайну і летнія Алімпійскія гульні 1904 у Сент-Луісе), быў аўтарам некалькіх раманаў пра мора. У 1949 годзе, Гарвардскі ўніверсітэт прысвоіў яму доктарскую ступень за яго творы.