Джэні Турэль
Джэні Турэль | |
---|---|
Дата нараджэння | 22 чэрвеня 1900[1][2] ці 22 чэрвеня 1899[3] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 23 лістапада 1973[1][2] |
Месца смерці | |
Краіна | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Музычная дзейнасць | |
Педагог | Anna El-Tour[d] |
Прафесіі | оперная спявачка, музычны педагог |
Пеўчы голас | мецца-сапрана |
Інструменты | вакал |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Джэні Турэль (англ.: Jennie Tourel, сапраўднае імя і прозвішча Эйжэнія (Eischenija, Яўгенія) Давідсон; 9 (22) чэрвеня 1903, Віцебск — 23 лістапада 1973, Нью-Ёрк) — амерыканская спявачка (меца-сапрана) і музычны педагог.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася 22 чэрвеня 1903 года ў Віцебску ў яўрэйскай сям’і, бацька Саламон Барухавіч Давідсон нарадзіўся 13 снежня 1875 г. у Полацку, маці Песя Моўшэўна Давідсон (Шулькіна), нарадзілася 10 верасня 1878 г. у Віцебску. Браты і сёстры: Дора Давідсан, нарадзілася 20 верасня 1905 г. у Полацку, Рахіль Давідсон, нарадзілася 24 кастрычніка 1909 г. у Полацку, Мазэс Давідсон, нарадзіўся 24 кастрычніка 1909 г. у Полацку. У дзяцінстве Яўгенія вучылася ігры на флейце і фартэпіяна.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі з’ехала з сям’ёй у Данцыг, затым жыла ў Берліне, у Швейцарыі і нарэшце апынулася ў Парыжы, дзе пачала сур’ёзна вучыцца спевам у Рэйнальда Ана і Ганны Эль-Тур. Псеўданім Джэні Турэль уяўляе сабой перавернутае прозвішча яе галоўнай настаўніцы (хоць пазней Турэль гэта адмаўляла). Дэбютавала 27 студзеня 1929 года на сцэне парыжскай Рускай оперы ў маленькай партыі Палавецкай дзяўчыны ў оперы Барадзіна «Князь Ігар». Эміль Купер, які дырыжыраваў спектаклем, таксама эмігрант з Расійскай імперыі, запрасіў спявачку-пачаткоўцу ў ЗША, дзе яна выступала ў другарадных партыях у пачатку 1930-х гадоў у Чыкагскай оперы. Вярнуўшыся ў Парыж у 1933 годзе, Турэль паступіла ў трупу Апера-Камік, дзе на працягу 1930-х гадоў спявала Кармэн у оперы Бізэ, Керубіна ў «Жаніцьбе Фігаро» Моцарта, Адальджызу ў «Норме» Беліні і іншыя. У 1937 годзе Турэль зноў распачала спробу замацавацца ў ЗША, але на працягу сезона мела магчымасць толькі эпізадычна спяваць на сцэне Метраполітэн-опера.
У 1940 годзе Турэль удалося ўцячы з Францыі перад самым пачаткам гітлераўскай акупацыі. Праз Іспанію і Партугалію яна трэці раз дабралася да ЗША. У 1943 годзе Турэль зноў была прынята ў трупу Метраполітэн-опера і выступала на сцэне гэтага знакамітага тэатра на працягу чатырох сезонаў. У 1946 годзе Турэль атрымала амерыканскае грамадзянства.
Асноўныя поспехі Турэль былі звязаны не з опернымі, а з камернымі і канцэртнымі выступленнямі. Найбольш значнай старонкай у яе творчай біяграфіі была садружнасць з Леанардам Бернстайнам. Турэль упершыню выканала некалькі вакальных цыклаў Бернстайна, удзельнічала ў прэм’еры яго Сімфоніі «Ерамія» (1944), а ў адзначэнне перамогі Ізраіля ў Шасцідзённай вайне выканала яе ў Іерусаліме. Турэль таксама была ўдзельніцай першага амерыканскага выканання кантаты Пракоф’ева «Аляксандр Неўскі» (7 сакавіка 1943 г., дырыжор Леапольд Стакоўскі) і прэм’еры оперы Стравінскага «Прыгоды вісуса» (Венецыя, 11 верасня 1951).
У познія гады Турэль выкладала ў Джульярдскай школе.