Дзевятоўка (жылы раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дзевятоўка
53°42′25″ пн. ш. 23°50′59″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Гродна
Адміністрацыйны раён горада Ленінскі раён
Дата заснавання 1979
Плошча 256 га км²
Насельніцтва 80 000 чал. (2023)
Map

Дзевятоўка – жылы раён у Ленінскім раёне Гродна. Размешчаны ў паўночнай частцы Гродна. Абмежаваны вуліцамі Брыкеля, Таўлая, Малышчанская, Белыя Росы, Дзяржынскага. Складаецца з 8 мікрараёнаў.

Мяжуе з былымі вёкамі Малышчына, Падкрыжакі, раёнам Грандзічы, вёскай Лапенкі і прамзонай уздоўж вуліцы Дзяржынскага. Размешчаны на ўзвышшы. Самая высокая кропка - 173 м над у.м. (найбольшая вышыня ў Гродне - 180 м). Насельніцтва раёна - амаль 80 000 чалавек (2023 год)[1].

Забудаваны шматпавярховымі панэльнымі дамамі. Ушчыльненне раёна працягваецца.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Утвораны на месцы вёскі Дзевятоўка, якая фармальна ўвайшла ў склад Гродна ў 2008 годзе.

Вядомыя мінімум 5 варыянтаў паходжання назвы. Паводле адной з версій, калісьці вёска налічвала 9 двароў, або ў мясцовага пана было 9 сыноў. Паводле іншай, вёска месцілася «дзе вятла» (дрэва), а пазней стала Дзевятоўкай[2].

Асноўныя вуліцы[правіць | правіць зыходнік]

  • вул. Белыя Росы
  • вул. Брыкеля
  • вул. Дзяржынскага
  • вул. Курчатава
  • вул. Ліможа
  • вул. Малышчанская
  • вул. Таўлая

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Грамадская інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл на Дзевятоўцы - від з дрона, 2018

У раёне тры агульнаадукацыйныя школы: СШ №27, СШ №36 (да 2022 года адзіная ў Гродне з польскай мовай навучання; цяпер - цалкам рускамоўная[3]) і СШ №32 з беларускамоўнымі класамі, а таксама гімназія №6. Ёсць 11 дзіцячых садкоў.

У цэнтры раёна, на Ліможа, 25, у адным будынку размешчаны гарадская паліклініка №6 і жаночая кансультацыя №5. Дзіцячае аддзяленне паліклінікі №6 размешчана на Дзяржынскага, 123/1.

На Дзяржынскага знаходзіцца мінірынак «Дзевятоўка». Дзевятоўка была першым гарадскім мікрараёнам, дзе з’явіўся афіцыйны мінірынак[4].

Кропкамі прыцягнення раёна таксама з’яўляюцца гандлёвыя цэнтры - «Замак» і «Еўраопт» на Ліможа, «Лімож» на Брыкеля.

У 2022 годзе на вуліцы Курчатава заклалі парк у 2 га[5]. Жыхары раёна дамагаліся стварэння зялёнай зоны адпачынку не менш за 15 гадоў.[6]

Транспартная інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

На Дзяржынскага размешчаны канцавы прыпынак «Дзевятоўка» і разваротнае кальцо тралейбусаў №№ 6, 7, 10, 12, 11, 14, 19, 20. У раёне таксама ходзяць тралейбусы №№ 23, 24. У раёне ёсць разваротныя кольцы аўтобусаў № 2, № 5; ходзяць аўтобусы №№ 9, 10, 14, 16, 17, 18, 19, 24, 26, 28, 30, 43, 49, 59.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл Найсвяцейшага Адкупіцеля - самы вялікі ў Гродне[2]. Яго пачалі ўзводзіць у 1997 годзе, асвечаны ў 2011 годзе. Збудаваны ў стылі неаканструктывізму з клінкернай цэглы. Жыхары мікрараёна называюць касцёл Чырвоным. На тэрыторыі комплексу размешчана скульптура Святой Кацярыны Александрыйскай – апякункі чыгуначнікаў. Парафію абслугоўваюць айцы-рэдэмптарысты. Тры з васьмі нядзельных службаў у касцёле праходзяць на беларускай мове.[7]

У 2014 годзе ў касцёле стварылі самую вялікую батлейку ў Беларусі. Яе памеры - 5,5 на 5 м. На ёй размешчаны больш за 100 лялек. Сканструяваў батлейку айцец Казімір Зымула. Частка яе зроблена ў Тухаве (Польшча)[8].

Батлейка ў касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля, 2020

Храм Раства Хрыстова[правіць | правіць зыходнік]

Праваслаўную царкву пачалі будаваць у 2012 годзе[9] з жоўтай клінкернай цэглы, у стылі абарончых храмаў. У Беларусі захавалася толькі дзве такія царквы — у Сынкавічах і ў Мураванцы. Аўтар праекта храма – архітэктар Ежы Усціновіч, выкладчык Беластоцкай палітэхнікі. Царква павінна стаць самай высокай у Гродне.[2]

Помнік «Белым Росам»[правіць | правіць зыходнік]

У 1983 годзе на Дзевятоўцы здымалі фільм «Белыя росы». Пасля здымак на вуліцы Курчатава захавалася студня. У 2018 годзе паблізу яе, на месцы знесенай вёскі, усталявалі драўляныя фігуры герояў фільма - Федоса, Цімафея і іх сабакі Валета.[10] У 2022 годзе іх забралі на рэстаўрацыю, а пасля вярнулі ў новы парк праз дарогу, дапоўніўшы кампазіцыю часткай хаты, гняздом і студняй з жураўлём.[11]

Могілкі[правіць | правіць зыходнік]

Дзевятоўскія могілкі - адны з самых старых у акрузе. Найстарэйшыя пахаванні датуюцца 1894 годам. З прозвішчаў самыя распаўсюджаныя — Пляга і Саўко. Дубу, што расце на ўзмежжы, не менш за 150 гадоў.[2] Маюць плошчу ўсяго 0,24 га.

У гімназіі №6 створаны музей «Жывая гісторыя горада (мікрараён Дзевятоўка)».

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Бескрайние поля, деревенские хаты и новостройки. Как выглядела Девятовка 40 лет назад? (руск.). NewGrodno.By (8 чэрвеня 2023). Праверана 1 лютага 2024.
  2. а б в г “А вы думалі – звычайны спальнік”. Адзіная экскурсія Фэста экскурсаводаў за межамі цэнтра прайшла на Дзевятоўцы . Hrodna.life (1 лютага 2024). Праверана 1 лютага 2024.
  3. Уберут последний час языка и литературы: польскую школу в Гродно с 2022 года русифицируют до конца (уточнено) (руск.). Hrodna.life - русская версия (1 чэрвеня 2022). Праверана 1 лютага 2024.
  4. Раёны, кварталы: лётаем над Дзевятоўкай . Hrodna.life (1 лютага 2024). Праверана 1 лютага 2024.
  5. На улице Курчатова в Гродно рядом с храмом появится сквер. Его название определят с помощью народного голосования (руск.). Новости — Новости и события Гродно. Вечерний Гродно (6 кастрычніка 2022). Праверана 1 лютага 2024.
  6. Urban Hrodna - городская среда Гродно. Telegram. Праверана 1 лютага 2024.
  7. Костел на Девятовке в Гродно расписание служб (руск.). msj.by (19 верасня 2018). Праверана 1 лютага 2024.
  8. Навошта ў касцёле 150 лялек. Як у Гродне стварылі самую вялікую рухомую батлейку . Hrodna.life (23 лютага 2020). Праверана 1 лютага 2024.
  9. Приход храма Рождества Христова (руск.). orthos.org. Праверана 1 лютага 2024.
  10. Новік, Ірына. Деревянные герои "Белых рос" появились на месте снесённой деревни (руск.). Hrodna.life - русская версия (27 мая 2018). Праверана 1 лютага 2024.
  11. Возвращение героев: скульптуры из «Белых Рос» вернулись в новый сквер Девятовки (руск.). grodno.in. Праверана 1 лютага 2024.