Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусьмузей, створаны ў Мінску 3 ліпеня 1993 г. пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь на базе Музея гісторыі войскаў Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, які быў заснаваны ў 1974 г. загадам Міністэрства абароны СССР і адкрыты 21.02.1978 г. У верасні 1992 г. па распараджэнні Савета Міністраў будынак музея перададзены Беларускай праваслаўнай царкве. Экспазіцыя была разабрана. У 1996 г. музею было прадстаўлена памяшканне пры Уруцкім гарнізонным Доме афіцэраў. 6 мая 2002 г. адбылося афіцыйнае адкрыццё музея. З 1996 г. дырэктар М.Г.Печань.

Экспазіцыя[правіць | правіць зыходнік]

Музей размешчаны ў 3 экспазіцыйных залах. Першая зала прысвечана засяленню славянамі тэрыторыі Беларусі, гісторыі Беларусі ў складзе Вялікага княства Літоўскага і Расійскай імперыі, падзеям 1-й сусветнай вайны. Экспануюцца сапраўдная зброя і муляжы (кальчугі, шлемы, шчыты і інш.), рыштунак воінаў сярэдневякоўя, узоры ваеннай вопраткі. Другая зала адлюстроўвае падзеі грамадзянскай вайны 1918-20 гг., міжваенны перыяд, перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Сярод экспанатаў узоры ваеннай тэхнікі і ўзбраення, абмундзіраванне і рыштунак, дакументы, карты, схемы, фотаматэрыялы, асабістыя рэчы военачальнікаў С.М.Будзённага, І.Х.Баграмяна, А.М.Васілеўскага, Г.К.Жукава, І.С.Конева, К.К.Ракасоўскага, І.І.Якубоўскага і інш. Прадстаўлены матэрыялы пра буйныя ваенныя вучэнні, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі («Днепр», «Бярэзіна», «Захад» і інш.). Маецца спіс выдатных военачальнікаў, якія прайшлі станаўленне ў Беларускай ваеннай акрузе. Трэцяя зала прысвечана пасляваеннаму перыяду, станаўленню Узброеных Сіл СССР у мірны час. Асабліва шырока адлюстравана гісторыя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Прадстаўлены працэсы падрыхтоўкі ваенных кадраў, заканадаўчыя акты, матэрыялы па рэфармаванні беларускай арміі. У экспазіцыі асабістыя рэчы камандуючых Беларускай ваеннай акругай, матэрыялы пра першага Героя Беларусі У.М.Карвата, удзельнікаў ліквідацыі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў, Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с.