Беласпінны дзяцел

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Дзяцел беласпінны)
Беласпінны дзяцел

Самец
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Dendrocopos leucotos (Bechstein, 1802)

Арэал

выява

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  554047
NCBI  81522
EOL  1177523
FW  369528

Беласпінны дзяцел (Dendrocopos leucotos) — лясная птушка сямейства дзятлавых, найбольш буйны від з роду Dendrocopos.

Мае знешняе падабенства з вялікім дзятлікам, адрозніваючыся ад яго белай ніжняй часткай спіны і белымі ўнутранымі махавымі. Распаўсюджаны ў лясной зоне Еўразіі. Засяляе спелыя ліставыя і змешаныя лясы з вялікай колькасцю хворых і гнілых дрэў, асаблівую перавагу аддае старым бярэзнікам. Скрытная і малапрыкметная птушка, аднак прысутнасці чалавека не пазбягае. Жыве асела. Часам восенню і зімой здзяйсняе вандроўкі на невялікія адлегласці, аднак вясной звычайна вяртаецца ў той жа раён, што і ў папярэдні год. Тым не менш, штогод дзяўбе новае дупло для гнязда. Шлюбны перыяд раней за іншых дзятлаў, да канца траўня ўжо з'яўляюцца птушаняты.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Даўжыня цела 24-30 см, размах крылаў 40-48 см, маса 105-112 г.

Стракаты. Уся спіна чорная, надхвосце белае. Крылы чорныя з белымі палоскамі. Спод цела белы з цёмнымі рыскамі і чырвоным падбрушшам. У самца карычнева-чырвоныя вочы і ярка-чырвоная «шапачка», у самкі верх галавы чорны. У маладых чырвоны колер амаль адсутнічае і выразныя цёмныя падоўжныя палоскі на баках цела. Голас: позыў «кік, кікс» (вельмі падобны, як у вялікага дзятла, але не такі прарэзлівы). У гнездавы перыяд выгукi «кьук, кьіле».

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Аселы. Арэал: ад поўдня Скандынавіі, Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы, Каўказа, Ірана і Малой Азіі, праз Азію да Сахаліна, Камчаткі, Японіі і ўсходу Кітая ўключна. Лакальна сустракаецца ў Апенінах і Пірэнеях. На Беларусі нешматлікі.

Насяляе асветленыя старыя лісцевыя дрэвастоі, у гарах таксама змяшаныя лясы (асабліва часта паблізу адкрытых вільготных тэрыторый або палян). У Цэнтральнай і Паўночнай Еўропе галоўным чынам букавыя, грабавыя і дубовыя лясы, на ўсходзе і поўначы — бярозавыя і таполевыя. Сярод біятопаў прырэчныя лясы, групы дрэў між палёў, прыдарожныя алеі і да т.п.

Адрозніваецца 11 падвiдаў.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Корміцца пераважна насякомымі.

Гняздо робіць у дупле (звычайна гніючага дрэва) на вышыні падросту (як у ствале, так і ў ніжніх галінах дрэва). Подсціл з парахні. Дыяметр адтуліны 3-5 см, глыбіня гнездавой камеры 10-20 см.

Яйкі (3-5, часам 6-8) эліптычныя, крыху падоўжаныя з тупым вузейшым канцом, белыя, бліскучыя. Памеры: 27,5 х 20,0 мм.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.
  • S. Cramp, K.E.L. Simmons. Vol. IV - Terns to Woodpeckers // The Birds of the Western Palearctic. — Oxford University Press, 1986. — 960 с. — ISBN 0198575076. (англ.)
  • Mullarney, Killian; Lars Svensson; Dan Zetterstrom & Peter J. Grant. Птушкі Еўропы = Birds of Europe. — United States: Princeton University Press, 2000. — 400 с. — ISBN 978-0-691-05054-6. (англ.)
  • Winkler, Hans; Christie, David A. 2002. Family Picidae (Woodpeckers) in del Hoyo, J., Elliott, A., & Sargatal, J., eds. Volume 7: Jacamars to Woodpeckers // Даведнік па птушках свету = Handbook of the birds of the world. — Barcelona: Lynx Edicions, 2002. — ISBN 84-87334-37-7.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зубр еўрапейскі Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
IV катэгорыя (NT)