Дзікі Захад
Дзікі Захад (англ.: Wild West) — простанародная назва тэрыторый сучасных ЗША, якія ў другой палове 19 стагоддзя яшчэ не ўваходзілі ў склад гэтай краіны. Па меры пашырэння тэрыторыі ЗША і ўрбанізацыі, плошча Дзікага Захаду ўсё больш скарачалася, пакуль ён прыкладна ў 1890 не знік цалкам.
Дзікі Захад характарызаваў першапраходчыцкі настрой, з якім шматлікія людзі пакідалі ўсё больш густа заселены ўсход ЗША і накіроўваліся на захад. Вялікую частку з іх складалі новыя імігранты з Еўропы. Чыннікі для перасялення на захад былі розныя. Для шматлікіх пражыванне ва ўсходніх штатах было не па кішэні, у той час як на захадзе чакалі неабжытыя землі, на якіх можна было асесці ў якасці фермера. Іншыя былі ў пошуках хуткага багацця, спадзяючыся знайсці золата. Пасля таго, як у 1848 у Каліфорніі было выяўлена золата, пачалася так званая залатая ліхаманка, якая павялічыла паток перасяленцаў. Для некаторых неабжыты захад быў ідэальны, каб без перашкод жыць па сваіх рэлігійных статутах. Адным з прыкладаў гэтаму з'яўляюцца мармоны, якія пасяліліся ў штаце Юта.
Ужо ў самім 19 стагоддзі першапраходцы і Дзікі Захад разглядаліся ў рамантычным і гераічным святле. Тыповымі сюжэтамі апавяданняў аб Дзікім Захадзе былі сутыкненні з індзейцамі, каўбоі, паляванне на бізонаў, промысел золатаздабытчыкаў, паядынкі шэрыфаў і бандытаў. З прыходам кінематографа сюжэт Дзікага Захаду знайшоў сваё адлюстраванне ў жанры вестэрн.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дзікі Захад