Перайсці да зместу

Дружына

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Паход князя Алега на Царград, мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу.

Дружына — раннефеадальная ваенная арганізацыя, у тым ліку агулам у славянскіх і старажытнарускім грамадствах. У раннефеадальны перыяд функцыянальна была княжацкім або баярскім рэгулярным войскам.

Колькасць ваяроў у княжацкай дружыне рэдка перавышала некалькі сотняў. Дружына дзялілася на старэйшую і малодшую. Старэйшую складалі княжацкія «мужы» (баяры), малодшую — баярскія дзеці — «дзецкія», «отракі», «грыдні». Дружыннікі былі прафесійнымі ваярамі, звязанымі з князем прысягай або асабістай дамовай, аб’ядноўваліся ў таварыствы або брацтвы, фармальна лічыліся роўнымі, удзельнічалі ў кіраванні дзяржавай, выконвалі даручэнні князя, за што атрымлівалі частку даніны і ваеннай здабычы, пазней — зямельную маёмасць.

Дружыннікаў чэшскіх князёў — homines («людзей») пад 845 годам згадваюць Фульдскія аналы[1]. У Маравіі «Жыціе Мяфодзія» ў падзеях 2-й паловы IX ст. згадвае «друга» (параўн. дружына) — радцу князя Святаполка[ru], а тагачасныя лацінамоўныя крыніцы называюць мараўскіх дружыннікаў optimates («лепшыя»), fideles («адданыя»), nobiles viri fideles («высакародныя адданыя мужы»), proceres («першыя»), populus («людзі»)[2]. Пра «мужоў» чэшскіх князёў Вячаслава і Баляслава[ru] ў 920-я гады кажа найстарэйшая рэдакцыя «Жыція Святога Вячаслава» (2-я палова X ст.) пры гэтым «мужы» Вячаслава названы «другамі»[3]. У гэтыя часы служылая знаць (баяры) — княжацкія «мужы», «другі» ў Чэхіі і Маравіі функцыянавалі поруч племянной знаці (старэйшын) — «жупанаў»[4].

Пра дружыну ў Польшчы ў 960-я гады згадвае ў сваіх «Запісках» Ібрагім ібн Якуб[ru], паводле яго, падаткі, якія збіраў Мешка I ішлі на ўтрыманне трох тысяч «ваяроў у панцырах»[5].

  1. Magnae Moraviae fontes historici. T. I. Brno, 1966. P. 89.
  2. Magnae Moraviae fontes Historici. T. I. P. 98, 126; T. III. Brno, 1969. P. 200—201, 218; Schwarzmajer H. Ein Brief des Markgrafen Aribo an Konig Arnulf uber der Verhaltnisse in Mahren // Fruhmittelalterliche Studien. Bd. 6. B., 1972. S. 57, 62.
  3. Сказания о начале Чешского государства в древнерусской письменности. М., 1970. С. 37—38.
  4. Закон Судный людем краткой редакции. М., 1961. С. 105, 108.
  5. Pomniki dziejowe Polski. Seria II. Krakow, 1946. T. I. S. 50.
  • Стефанович П. С. «Большая дружина» в ранних государствах Европы // Средние века. Исследования по истории Средневековья и раннего Нового времени. — М., 2011. — Вып. 73 (3-4). — С. 27-57
  • Стефанович П. «Большая дружина» в Древней Руси // Российская история. 2011. № 5. — С. 78-90.
  • Стефанович П. С. Бояре, отроки, дружины: военно-политическая элита Руси в X—XI веках — М.: Индрик, 2012. — 658 с.