Дуб Баўбліс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Баўбліс — тысячагадовы дуб, самы вядомы ў колішнім Вялікім Княстве Літоўскім, 9,2 м у абхопу.

Рос у Жамойці, у маёнтку Барджай Дыянісія Пашкевіча (Дыянізаса Пошкі). Стаяў на гары і ў даўнія часы напэўна быў аб’ектам паганскага культу, паводле падання Баўблісу прыносілі ў ахвяру козаў. Баўбліса згадвае Адам Міцкевіч у сваім паэтычным творы «Пан Тадэвуш».

«Ды ці знайду я вас жывымі у тое свята?..
Як маецца дуб Баўбліс, волат дуплаваты,
У чэраве якога можна, бы у пячэры,
Дванаццаць чалавек усаджваць на вячэру?»

Паводле сведчання Адама Кіркора яшчэ ў 1811 г. яго лісце было зялёнае, але ў 1812 г. дрэва ўпала, магчыма, з-за наяўнасці таго вялікага дупла, а паводле іншай версіі з-за траплення маланкі, калі дуб моцна абгарэў. Пасля гэтага, з двух ацалелых і выдзяўбаных частак Баўбліса Дыянісій Пашкевіч пабудаваў скарбонку для захоўвання старажытнасцей (гл. падр. Музей «Баўбляй»).