Духоўна-адукацыйны цэнтр Беларускай Праваслаўнай Царквы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Духоўна-адукацыйны цэнтр Беларускай Праваслаўнай Царквы

Духоўна-адукацыйны цэнтр Беларускай Праваслаўнай Царквы (ДАЦ БПЦ) — комплекс будынкаў, размешчаных паміж вуліцамі Зыбіцкай, Кірыла і Мяфодзія і тэрыторыяй перад Свята-Духавым кафедральным саборам у Мінску. 27 лютага 2006 года Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі здзейсніў закладку капсулы ў падмурак комплексу будынкаў ДАЦ БПЦ. Будаўніцтва комплексу пачалося ў сакавіку 2006 года. Каштарысны кошт аб’екта складае 11 889 537 беларускіх рублёў у цэнах 1991 г. Пабудаваны ў 20062014 (навуковы кіраўнік Б. Косціч, архітэктары Б. Косціч, М. Казак, М. Капуцкая[1]).

Помнік Кірылу Тураўскаму

Агульная плошча будынкаў комплексу складае 7 723 м². У комплекс ДАЦ БПЦ ўваходзяць будынак рэктарата, два навучальных корпусы, будынак інтэрната на 80 месцаў для пражывання, галоўны корпус, дзе размяшчаюцца бібліятэка, актавая зала умяшчальнасцю 180 чалавек, храм, дзве трапезныя, царкоўна-археалагічны музей, інфармацыйна-кансультатыўны цэнтр. У комплексе будынкаў ДАЦ БПЦ размясцілася Мінская духоўная акадэмія імя свяціцеля Кірылы Тураўскага пасля яе пераезду са Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.

Архітэктары прынялі адзіную стылістыку аб’ектаў, якая мусіла па сваіх мастацка-вобразных характарыстыках і маштабе адпавядаць гістарычнаму асяроддзю. Комплекс аб’ектаў, якія фарміруюць Духоўна-адукацыйны цэнтр, атрымаў замкнёную структуру з унутраным дворыкам, утвораную двума помнікамі архітэктуры і новымі будынкамі, размешчанымі па перыметры. Гісторыка-культурную каштоўнасць уяўляюць будынкі рэктарата па вул. Зыбіцкай, 27 (пабудавана ў 1912 г.) і інтэрната па вул. Кірыла і Мяфодзія, 7 (пабудавана ў XVII ст. для пражывання манахаў і прыстасавана ў XIX ст. для прамысловых і жылых функцый). Захаванню гармоніі і цэласнасці асяроддзя спрыяла ўзнаўленне ў комплексе Духоўна-адукацыйнага цэнтра не драўляных пабудоў, якія існавалі раней, а запраектаваных у 1870 г., але нерэалізаваных мураваных будынкаў[1].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]