Дыферэнцыйны ККД

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Дыферэнцыйны ККДз -- характарыстыка лазера, якая паказвае, наколькі павялічваецца выходная магутнасць лазера пры павелічэнні магутнасці напампоўкі на адзінку. Адпаведна, ілюструецца пабудовай графіка выходнай магутнасці лазера ў залежнасці ад уваходнай магутнасці напампоўкі. Вышэй за парог генерацыі выніковая крывая звычайна блізкая да прамой. Такім чынам, нахіл гэтай прамой вызначае эфектыўнасць пераўтварэння напампоўкі ў энергію генерацыі. Па гэтай прычыне ў англамоўных крыніцах дыферэнцыйны ККДз завецца slope efficiency ("эфектыўнасць, вызначаная праз нахіл"). Аналагічна, дыферэнцыйны ККДз можа быць вызначаны праз выходную і ўваходную энергіі замест магутнасцяў. Гэта робіць яго прыдатным да імпульсных лазераў.

Крывая, апісаная вышэй, з'яўляецца амаль лінейнай для магутнасцяў напампоўкі вышэй за парогавае значэнне ў выпадку, калі аптычныя страты ў рэзанаторы лазера застаюцца аднолькавымі для ўсіх ўваходных магутнасцяў. Часам крывая нелінейная, звычайна, з меншым нахілам пры высокіх уваходных магутнасцях. Гэта паказвае на павелічэнне страт, якія часта носяць тэрмічны характар, напрыклад, праз лінзаванне. Такая сітуацыя найчасцей сустракаецца ў магутных лазерах.

Незалежна ад формы крывой дыферэнцыйнага ККДз, заўсёды ёсць магчымасць пабудаваць лінію экстрапаляцыі, якая найлепей пасуе да гэтага выпадку, каб знайсці перасячэнне з воссю х. Такім чынам можна знайсці парогавую магутнасць напампоўкі для гэтага пэўнага лазера. Важнасць дыферэнцыйнага ККДз палягае ў тым, што гэты параметр дазваляе праводзіць параўнанне лазераў з рознымі канструкцыямі, схемамі напампоўкі і актыўнымі асяроддзямі. Таксама для наяўнага лазера карысна перыядычна вызначаць парог генерацыі з дапамогай графіка дыферэнцыйнага ККДз, што дапамагае вызначыць, калі лазер патрабуе юстыроўкі або рамонту, у выпадку значнага падзення дыферэнцыйнага ККДз з часам.

Глядзіце таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]