Перайсці да зместу

Алмаз

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Дыямент)
Алмаз у мацярынскай пародзе.

Алмаз, дыямент — мінерал, крышталічная кубічная мадыфікацыя самароднага чыстага вугляроду.

Бясколерны, белы, блакітны, зеленаваты, жаўтаваты, чырванаваты, шэры ці чорны. Мае тлусты алмазны бляск. Празрысты, характарызуецца моцнай дысперсіяй святла. Цвёрдасць 10 (найцвярдзейшы з вядомых мінералаў), шчыльнасць 3,5 г/см³.

Алмазы ўтвараюцца ў вывергнутых пародах — кімберлітах. Здабываюцца з карэнных радовішчаў і россыпаў, звычайна ў выглядзе дробных зярнят і асколкаў. Вельмі рэдкія алмазы, маса якіх перавышае 50 каратаў (10 грам).

Вялікія радовішчы маюць Аўстралія, Расія, ПАР, Батсвана, Намібія. Пошукі алмазаў вядуцца на Беларусі.

Каштоўны камень. Бясколерныя і празрыстыя крышталі вялікіх памераў выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе (пасля агранкі называюцца брыльянтамі). Алмазы выкарыстоўваюцца таксама ў тэхнічных мэтах: для бурэння свідравін у цвёрдых пародах, шліфавання металаў, рэзкі шкла і інш.