Ефрасіння Пскоўская

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Еўфрасіння Рагвалодаўна)
Ефрасіння Пскоўская
Смерць 8 мая 1243(1243-05-08)
Бацька Рагвалод-Васіль Барысавіч
Муж Яраслаў Уладзіміравіч
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Еўпраксія Пскоўская, хроснае імя Еўфрасіння (меркавана 1170-я да 1181 — 8 мая 1243, Одэмпэ) — княгіня пскоўская (не раней за 1201), ігумення пскоўскага Спаса-Прадцечанскага манастыра, святая праваслаўнай царквы — святая дабраверная княгіня пскоўская.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У агіяграфічнай літаратуры называецца дачкой князя Рагвалода-Васіля. Адпаведна, мусіла б быць праз маці ўнучкай вялікага князя кіеўскага Ізяслава Мсціславіча, а па бацьку сястрой князя Глеба Рагвалодавіча, згаданага ў друцкіх падзеях 1180 года. Паводле агіяграфічнага падання, выхоўвалася ў полацкім Спаскім манастыры.

У такім разе, прыкладна ў 30-гадовым узросце выйшла замуж за пскоўскага князя Яраслава Уладзіміравіча. Выказвалі думку, што гэта быў другі шлюб Еўпраксіі. Аднак, як паказаў Фёдар Успенскі, у традыцыі Рурыкавічаў, жанчыны роду пасля першага шлюбу з Рурыкавічам не маглі зноў выходзіць за Рурыкавіча, а за баяраў не маглі выходзіць наогул[1]. Такім чынам, калі ў Еўпраксіі і быў першы шлюб, то не з Рурыкавічам, што магчыма, але малаімаверна.

Аплаціла пабудову Прадцечанскай царквы ў Пскове. Пазней, кінутая мужам у час нападу Батыя, заснавала на свае сродкі манастыр Іаана Хрысціцеля пры Прадцечанскай царкве. Прыняўшы там манаскі пострыг пад імем Еўпраксіі, стала ігуменняй. На перамовах пра свой пасаг з былым мужам у Одэмпэ была забіта пасынкам князя Яраслава. Цела перавезлі ў Пскоў і пахавалі ў агароджы Спаса-Прадцечанскага манастыра.

Традыцыя мясцовага шанавання Еўпраксіі вядзецца ад прызнання наўгародскім епіскапам яўлення цудатворнасці іконы над труной Еўпраксіі. Аднак, шанаванне заставалася мясцовым яшчэ і ў канцы XVI ст. (1581).

Зноскі

  1. Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Знатная вдова в средневековой Скандинавии и на Руси: Матримониальные стратеги и легенды власти // Славяне и их соседи. XXV конференция памяти В. Д. Королюка: Предания и мифы о происхождении власти эпохи Средневековья и раннего Нового времени. Материалы конференции. — М., 2010. — С. 78-82

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Мельнікаў А. А. З неапублікаванай спадчыны: Манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навуковай канферэнцыі, успаміны сучаснікаў. — Мн.: Выд-ва «Чатыры чвэрці», 2005. — 592 с. — ISBN 985-6734-28-2. С. 111-112.
  • Печников М. В., Родникова И. С.. Евпраксия // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2008. — Т. XVII. — С. 190—193. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 978-5-89572-030-1.
  • Левшун Л. В. Евфросинья Рогволодовна, княжна Полоцкая, княгиня Витебская: реконструкция жизнеописания // Учёные записки УО ВГУ им. П. М. Машерова. — 2018. — Т. 26. — С. 189—193.