Жаноцкая справа

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Жаноцкая справа
Мова: беларуская
Тыраж:

«Жаноцкая справа» — часопіс у Заходняй Беларусі, орган Аб'яднання беларускіх жанчын імя А. Пашкевіч (Цёткі). Выдаваўся ў сакавіку — лістападзе 1931 г. у Вільні на беларускай мове. Рэдактар Надзея Шнаркевіч.

Мэта[правіць | правіць зыходнік]

Меў на мэце пашырэнне нацыянальнай свядомасці сярод беларускіх жанчын, аб'яднанне іх на грунце грамадскай працы, а таксама агульнаасветніцкія задачы.

Змест часопіса і актуальныя тэмы[правіць | правіць зыходнік]

Часопіс узнімаў актуальныя пытанні жыцця, побыту, грамадскага становішча жанчын Заходняй Беларусі (артыкулы «Да працы» Шнаркевіч, «Да беларускіх матак» Ю. Антановіч, рубрыка «Да нас пішуць» і інш.). Гістарычна асэнсоўвалася абвяшсэнне незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 г. (арт. «Наша нацыянальнае свята»). Інфармаваў пра палітычныя і грамадскія падзеі ў Заходняй Беларусі і Польшчы: аб звальненні педагогаў з Віленскай беларускай гімназіі з-за палітычнай ненадзейнасці, арышце Б. Тарашкевіча, увядзенні надзвычайных судоў і новага турэмнага рэжыму ў Польшчы, дзейнасці Беларускага дабрадзейнага таварыства і інш. (рубрыка «Хроніка»). Знаёміў са становішчам жанчын і жаночымі рухамі розных краін у свеце (рубрыка «З жаноцкага свету»). Праводзіў агітацыю супраць алкагалізму. Даваў канкрэтныя парады як адкрыць беларускую бібліятэку-чытальню. Змяшчаў літаратурныя матэрыялы (артыкулы пра жыццё і творчасць Цёткі М. Зянюк; эцюд пра паэтэс савецкай Беларусі З. Бандарыну, В. Вішнеўскую, Я. Пфляўмбаўм, а таксама іх вершы; лірычна-інтымную мініяцюру Н. Арсенневай; пераклады замалёвак з чэшскай мовы). Інфармаваў чытача пра новыя беларускія выданні, асабліва пра кніжкі для дзяцей. Змяшчаў парады для хатняй гаспадыні (рубрыка «Парады маці» Л. Войцікавай, артыкулы аб гігіене З. Луцкевіч, аб шыцці і вышыванні А. Астроўскай (псеўд. Цётка Тоня), парады «Бабулькі» (верагодна, Войцікавай). Меў рубрыкі «Пытанні і адказы», «Рознае», «Наша пошта» і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ліс, А. «Жаноцкая справа» / Арсень Ліс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 4. Кадэты — Ляшчэня / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — С. 364. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Гапова, Е. Между войнами: «женский вопрос» и национальные проекты в Советской Белоруссии и Западной Беларуси // Женщины на краю Европы / Елена Гапова (ред). — Мн.: ЕГУ, 2003. С. 145—167.