Журавель (танец)
Журавель | |
---|---|
Кірунак: | народны |
Памер: | 3/4, 4/4 |
Тэмп: | ад маруднага да ўмерана-хуткага |
Вытокі: | беларускі вясновы абрадавы танец |
Роднасныя: | |
карагод | |
Гл. таксама: | |
Благавешчанне |
Журавель — беларускі танец-гульня, дзе галоўным персанажам выступаў «журавель».
Некалькі дзяўчат танчаць, іншыя ахоўваюць іх ад «жураўлёў» (хлопцаў), спяваюць:
Пасею я лён, канапель,
Налятае журавель…
Калі хлопцы лавілі дзяўчат, спявалі ўсе разам:
Ішлі хлопцы мяжою,
Пілі смалу дзяжою…
У іншым варыянце выканаўцы павольна падымаюць то правую, то левую нагу, імітуючы крокі жураўля. У цэнтры круга ходзіць хлопец — «журавель». Калі пары круцяцца, «журавель» імкнецца вырваць якую-небудзь дзяўчыну з рук кавалера. Дзяўчаты спяваюць:
Да ўнадзіўся журавель
Да да нашых канапель…
Калі дзяўчаты закрычаць: «Хапай, журавель!» — Ён павінен схапіць дзяўчыну за руку і станцаваць з ёй адзін круг. «Жураўлём» у крузе застаецца хлопец без пары.
Вядома і гульня «У жураўля», у якой дзеючымі асобамі выступалі «маці», «журавель» і «дзеці». «Маці» размаўляе з «жураўлём», які хоча злавіць і з'есці «дзяцей». «Жураўль» хапае «дзяцей», яны ловяць злодзея і дзяўбуць яго пальцамі па верхавіне. Тое ж робяць і з «маці», калі яна не зберагла «дзяцей». У танцах і гульнях пра жураўля праяўляюцца старажытныя вераванні ў культ птушак (жывёльны татэмізм). Па назіраннях Н. Н. Нікольскага, на Палессі журавель лічыўся «падаўцам усякага дабра»[1].
На тэатральнай сцэне
[правіць | правіць зыходнік]У 1922 годзе К. А. Алексютовіч уключыў элементы «Жураўля» ў танцы ражаных для спектакля «Машэка» па п'есе Е. Міровіча. Танец быў зроблены ў гульнявым плане, галоўную ролю ў танцы выконваў Г. Ю. Грыгоніс[2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Лозка 1989, с. 196–197.
- ↑ Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры / Под ред. М. Я. Гринблата. — Мн.: Вышейш. школа, 1978. — 528 с..
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Лозка А. Ю. Журавель // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Редкал. І. П. Шамяк (гл. рэд.) і інш.. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1989. — С. 197. — ISBN 5-85700-014-9.