Замак Бары
Замак | |
Бары | |
---|---|
італ.: Castello di Bari | |
| |
41°07′42,81″ пн. ш. 16°51′59″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Італія |
Горад | Бары |
Заснавальнік | Ражэр II |
Дата пабудовы | 1131 год |
Сайт | musei.puglia.beniculturali.it/… (італ.) |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
За́мак Ба́ры (італ.: Castello di Bari) — абарончае збудаванне ў Бары, рэгіён Апулія на поўдні сучаснай Італіі. Пабудаваны ў 1131 годзе каралём Сіцыліі Ражэрам II на развалінах ранейшага візантыйскага ўмацавання.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У пачатковым выглядзе замак пабудаваны на месцы збудавання візантыйскай эпохі каля 1131 года па жаданні караля Ражэра Нарманскага, які імкнуўся гэтым умацаваннем не столькі абараніць, колькі кантраляваць горад Бары. Замак складаўся з блізкіх да квадрата трапецыяпадобных у плане муроў з кутнімі і некалькімі дадатковымі вежамі.
У 1156 годзе Вільгельм Злы разбурыў частку пабудоў, якія былі адноўлены ў 1233 −1240 гадах імператарам Фрыдрыхам II Швабскім (1194—1250). Ён жа надаў замку характар рэзідэнцыі, упрыгожыўшы ўваход і ўнутраны двор ліставымі капітэлямі (якія называюцца Minerrus de Canusia і Melis de Stelliano) і змяніўшы аблічча веж дэкараванымі вокнамі і ажурнымі круглымі адтулінамі. Таксама ў 1240-1250-я годзе па загадзе Фрыдрыха паблізу «Вежы непаўналетніх» пабудаваны новы ўваход.
Карл I Анжуйскі (1226—1285) заказаў П’етра д’Анджыкору і Джавані дзі Тулю працы па аднаўленні асобных частак замка і будаўніцтве ўваходу з паўночнага боку, з выхадам да мора.
Пры Фердынандзе Арагонскім горад Бары разам з замкам быў перададзены роду Сфорца. У 1-й палове XVI ст. — пры Ізабеле Арагонскай (1470—1524) і яе дачцэ Боне Сфорца (1493—1557) — пачынаецца будаўніцтва знешніх бастыёнаў у форме наканечніка дзіды, потым ва ўнутраным двары з’яўляюцца ўсходы з падвойным маршам, і, урэшце, праводзяцца працы па ўмацаванні з паўночнага боку знешняга муру, які ўключыў у сябе порцік (сёння «Швабская зала»).
Ізабела Арагонская і Бона Сфорца, валявыя жанчыны высокага ўзроўню культуры, ператварылі замак у княскую рэзідэнцыю, якая стала домам як для адукаваных людзей таго часу, так і для прадстаўнікоў улады. Бона Сфорца памерла тут у 1557 годзе, хоць раней змушана была пакінуць Бары пасля шлюбу з Жыгімонтам I Ягелонам, каралём польскім і вял.кн. літоўскім. Польскім уплывам тлумачыцца рашэнне Боны Сфорца прысвяціць св. Станіславу капэлу, пабудаваную на ўсходнім баку двара, хоць спачатку яна была прысвечана св. Францыску Асізскаму (у апсідзе сабора св. Мікалая стаіць вялікі маўзалей каралевы, зроблены на заказ яе дачкі Ганны). У XIX ст. замак выкарыстоўваўся спачатку як турма (у гэты перыяд адна з веж і атрымала назву «Вежа непаўналетніх», бо там утрымлівалі непаўналетніх злачынцаў), а потым як казармы для пяхоты і жандармерыі.
Паданне пра святога Францыска
[правіць | правіць зыходнік]У «Баларыа Франчэскана» расказваецца, што, вяртаючыся ў 1220 годзе з Палестыны, св. Францыск заклаў у Бары першы камень манастыра, названага надалей Сан Франчэскі дэла Скарпа. Тут св. Францыск шукаў сустрэчы з імператарам Фрыдрыхам II, напэўна, маючы намер угаварыць яго выступіць у крыжовы паход, гэтак патрэбны рымскаму Папу Інакенцію III. Са знаходжаннем Францыска ў шваба-нарманскім замку звязана паданне, быццам, калі на загад Фрыдрыха св. Францыску падрыхтавалі часовы ложак, перад манахам паўстала мілавідная дзяўчына. Францыск прапанаваў ёй падзяліць сціплы ложак, але, раптам убачыўшы на ложку запаленае вуголле, дзяўчына збегла. У гонар св. Францыска была пабудавана капліца і пазней (1635) выбіты надпіс, які даецца гісторыкам Петроні: «на гэтым месцы св. Францыск, апрануты толькі ў попел, з дапамогай агню адолеў юрлівую дзявуху з жудасным змеем» (hic lascivientem puellam, vel saevientem Hydram, igne domuit Franciscus cinerea exutus — лат.).
Актуальны стан замка
[правіць | правіць зыходнік]Калі прайсці па мосце, змешчаным з паўднёвага боку рова, і ўвайсці ў браму, упрыгожаную гербам Бурбонаў, апошніх найяснейшых уладальнікаў замка (XVIII—XIX ст.), трапляеш ва ўнутраны двор, што вядзе да пачатковага сярэднявечнага ядра збудавання.
Сярэднявечны замак умацаваны чатырма кутнімі вежамі. Іх назвы адсылаюць нас да розных гістарычных падзей. Вежа, якая ўзвышаецца на паўднёвым захадзе — «Вежа непаўналетніх» з 1832 па 1931 год была турмой для непаўналетніх злачынцаў. Яе другая назва — «Вісканціна» — звязаная з імем Гаспара Вісконці, які выконваў у замку шэраг прац пры каралеве Сфорца. «Вежа-святлафор» ці «Марская вежа», размешчаная на паўднёвым усходзе, выкарыстоўвалася ВМФ краіны, якія памясцілі на яе тэрасе святлафор. «Вежа манаха», ці «Вежа св. Францыска» на паўночным захадзе, магчыма, у часы Фрыдрыха II служыла прытулкам для св. Францыска Асізскага. Урэшце, на паўночным усходзе знаходзіцца менш характэрная «Ветраная вежа».
Побач «Вежы непаўналетніх», з заходняга боку, відаць элегантны ўваход са стрэльчатай аркай, пабудаванай пры Фрыдрыху II. Архівольт аркі ўпрыгожаны выявай арла са здабычай у кіпцюрах, які сімвалізуе ўладу імператара.
Уваход вядзе ў вестыбюль з высокімі стрэльчатымі зводамі, што абапіраюцца на калоны і пілястры з капітэлямі, упрыгожанымі арнаментам з лісця. За вестыбюлем знаходзіцца лоджыя, з выхадам на цэнтральны двор, зроблены ў стылі эпохі Адраджэння. Галоўнае ўпрыгожанне двара — парадная лесвіца арагонскай эпохі з падвойным маршам. Левы марш лесвіцы замяніў сабой сярэднявечную канструкцыю, правы — быў адмыслова зроблены для вершнікаў.
У XIX ст. замак выкарыстоўваўся як турма і казармы. У цяперашні час тут змешчаны некаторыя офісы Галоўнага кіравання культурных каштоўнасцяў, а таксама Музей гіпсавых злепкаў. На ніжніх паверхах музея знаходзіцца калекцыя гіпсавых копій апулійскіх скульптур XI—XVII ст., на верхніх — часовыя выставы і калекцыя апулійскай керамікі і маёлікі XVI—XVII ст.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Замак Бары
- Фатаграфіі замка на Flickr.com