Зарадавы лік

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Зара́давы лік атамнага ядра (або а́тамны ну́мар, а́тамны лік, пара́дкавы ну́мар хімічнага элемента) — колькасць пратонаў у атамным ядры. Зарадавы лік роўны зараду ядра ў адзінках элементарнага зараду і адначасова раўняецца парадкаваму нумару адпаведнага ядру хімічнага элемента ў табліцы Мендзялеева.

Тэрмін «атамны» ці «парадкавы» нумар звычайна выкарыстоўваецца ў атамнай фізіцы і ў хіміі, тады як раўназначны тэрмін «зарадавы лік» — у ядзернай фізіцы. У неіанізаваным атаме колькасць электронаў у электронных абалонках супадае з зарадавым лікам.

Зарадавы лік звычайна абазначаецца літарай Z. Ядры з аднолькавым зарадавым лікам, але розным масавым лікам A (які раўняецца суме ліку пратонаў Z і ліку нейтронаў N) з'яўляюцца рознымі ізатопамі аднаго хімічнага элемента, бо іменна зарад ядра вызначае будову электроннай абалонкі атама і, такім чынам, яго хімічныя ўласцівасці.