Хімія

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Хімія — навука пра рэчывы і рэакцыі паміж імі

Хі́мія (араб. كيمياء‎‎) — адна з найважнейшых галін прыродазнаўства, навука пра рэчывы, іх уласцівасці, састаў і структуру, а таксама іх пераўтварэнні ў выніку хімічных рэакцый[1]. Паколькі ўсе рэчывы складаюцца з атамаў, якія дзякуючы хімічным сувязям здольныя фарміраваць малекулы, то хімія займаецца ў асноўным вывучэннем узаемадзеянняў паміж атамамі і малекуламі, атрыманымі ў выніку такіх узаемадзеянняў. Прадметам хіміі з'яўляецца хімічныя элементы і іх злучэнні, а таксама заканамернасці, якім падпарадкоўваюцца розныя хімічныя рэакцыі. Хімія мае шмат агульнага з фізікай і біялогіяй, па сутнасці мяжа паміж імі ўмоўная. Хімію часам называюць «цэнтральнай навукай», таму што яна злучае фізіку з іншымі натуральнымі навукамі, як то геалогія і біялогія[2][3].

Усе рэчывы падзяляюцца на неарганічныя і арганічныя, і вывучаюцца, адпаведна, неарганічнай і арганічнай хіміяй.

Сучасная хімія з'яўляецца адной з самых шырокіх дысцыплін сярод усіх натуральных навук.

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Этымалогія слова з'яўляецца даволі спрэчнай. Генезіс слова можна аднесці да пэўнай практыкі, вядомай як алхімія, якая практыкуецца на працягу некалькіх тысячагоддзяў у розных частках свету, асабліва на Блізкім Усходзе. Алхімія ў сваю чаргу пайшла, як мяркуюць, пайшла ад егіпецкага хемічорны, адкуль таксама грэчаская назва Егіпта, чарназёму і свінцу — «чорная зямля»; іншыя магчымыя варыянты: ст.-грэч. Χυμος — сок, эсэнцыя, вільгаць, смак.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Атамістычная філасофія Дэмакрыта была пазней прынята Эпікурам

Зародкі хіміі ўзніклі яшчэ з часоў з'яўлення чалавека разумнага. Паколькі чалавек заўсёды так ці інакш меў справу з хімічнымі рэчывамі, то яго першыя эксперыменты з агнём, апрацоўкай шкур, гатаваннем ежы можна назваць зачаткамі практычнай хіміі. Паступова практычныя веды назапашваліся, і ў самым пачатку развіцця цывілізацыі людзі ўмелі рабіць некаторыя фарбы, эмалі, атруты і лекі. Спачатку чалавек выкарыстоўваў біялагічныя працэсы, як то закісанне, гніенне, але з засваеннем агню пачаў выкарыстоўваць працэсы гарэння, спякання, сплаўленне. Выкарыстоўваліся акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі, які не назіраюцца ў жывой прыродзе, як то аднаўленне металаў з іхніх злучэнняў.

Такія рамёствы, як то металургія, ганчарства, шкларобства, фарбаванне, парфумерыя, касметыка дасягнулі значнага развіцця яшчэ да пачатку нашай эры. Напрыклад, састаў сучаснага бутэлькавага шкла практычна не адрозніваецца ад саставу шкла, ужывальнага ў 4000 годзе да н.э. у Егіпце. І хаця хімічныя веды старанна хаваліся жрацамі ад непасвячоных, яны ўсё роўна павольна пранікалі ў іншыя краіны. Да еўрапейцаў хімічная навука трапіла галоўным чынам ад арабаў пасля заваявання імі Іспаніі ў 711 годзе. Яны называлі гэтую навуку «алхіміяй», ад іх гэта назва распаўсюдзілася і ў астатняй Еўропе.

Вядома, што ў Егіпце ўжо ў 3000 годзе да н.э. людзі былі здольныя атрымліваць медзь з яе злучэнняў, выкарыстоўваючы драўняны вугаль у якасці аднаўляльніка, а таксама атрымлівалі серабра і волава. Паступова ў Егіпце і Месапатаміі была развіта вытворчасць бронзы, а ў паўночных краінах — жалеза. Рабіліся таксама тэарэтычныя знаходкі, як то ў Кітаі з XXII стагоддзя да н.э. існавала тэорыя аб асноўных элементах. У Месапатаміі ўзнікла ідэя аб супрацьлегласцях, з якіх пабудаваны свет, як то агонь—вада, цяпло—холад, сухасць—вільготнасць і гэтак далей.

У V стагоддзі да н.э. у Старажытнай Грэцыі Леўкіп і Дэмакрыт развілі тэорыю аб будове рэчыва з атамаў. Па аналогіі з будовай пісьма яны заключылі, што як гаворка дзеліцца на словы, а словы складаюцца з літар, так і ўсе рэчывы складаюцца з пэўных злучэнняў, гэта значыць малекул, якія ў сваю чаргу складаюцца з непадзельных элементаў, гэта значыць атамаў.

У V стагоддзі да н.э. Эмпедокл прапанаваў лічыць асноўнымі элементамі Ваду, Агонь, Паветра і Зямлю. У IV стагоддзі да н.э. Платон развіў вучэнне Эмпедокла, прысвоіўшы кожнаму з гэтых элементаў свой колер і правільную прасторавую фігуру атама, якая вызначае яго ўласцівасці. На думку Платона, менавіта з камбінацый гэтых «цаглінак» і быў пабудаваны ўвесь матэрыяльны свет. Вучэнне аб чатырох, якія ператвараюцца адзін у аднаго, было ўнаследавана Арыстоцелем.

Адной з важнейшых вех на шляху станаўлення хіміі з'явілася адкрыццё Д. I. Мендзялеевым перыядычнага закону элементаў, які стаў асновай хімічнай сістэматыкі, развіцця вучэння аб будове рэчыва і стварэння тэорыі хімічных працэсаў. Вялікае значэнне для паглыблення ўяўленняў аб прыродзе хімічных ператварэнняў мела іх энергетычнае, дакладней тэрмадынамічнае, апісанне. Менавіта тэрмадынаміка ўнесла ў хімію ўяўленне аб колькаснай меры кіравання і глыбіні хімічных працэсаў,

Паспяхова спраўляючыся з задачай колькаснага апісання хімічных ператварэнняў, тэрмадынаміка не ўскрывае іх прычынна-выніковай сувязі. Таму на прынцыпова новай аснове наспела неабходнасць стварэння тэарэтычнага фундаменту хіміі — квантавай механікі. Так узнікла вучэнне аб будове рэчыва, хімічнай сувязі і валентнасці, якое ў існуючым выглядзе адыгрывае важную ролю ў разуменні хімічнай формы руху.

Хімія — адна са старажытных навук, якая у сучасным грамадстве ўсё больш змыкаецца з фізікай і, абапіраючыся на матэматыку і вылічальную тэхніку, паскоранымі тэмпамі пранікае ў розныя галіны вытворчасці.

Раздзелы хіміі[правіць | правіць зыходнік]

Падзяляецца на арганічную хімію і неарганічную хімію. На стыку гэтых навук развіваюцца хімія комплексных злучэнняў і хімія элементаарганічных злучэнняў. Тлумачэннем сутнасці хімічных з'яў і ўстанаўленнем іх агульных заканамернасцей займаецца фізічная хімія, шэраг раздзелаў якой, звязаных з вывучэннем асаблівасцей працякання хімічных працэсаў пад уплывам розных фактараў, вылучыліся ў асобныя навукі, напрыклад, механахімія, радыяцыйная хімія, фотахімія і інш. Метады ідэнтыфікацыі рэчываў, што спалучаюць хімічныя падыходы з фізічнымі метадамі, вывучае аналітычная хімія.

Развіццё спецыяльных метадаў у 20 стагоддзі садзейнічала станаўленню і развіццю нанахіміі, аб'екты даследавання якой — часцінкі памерам некалькі нанаметраў. Тэарэтычныя асновы сучасных вытворчасцей вывучае хімічная тэхналогія.

На стыку хіміі з іншымі прыродазнаўчымі навукамі інтэнсіўна развіваюцца аграхімія, біяхімія, геахімія, квантавая хімія, хімічная фізіка і іншыя.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Chemistry(англ.) 
  2. Theodore L. Brown, H. Eugene Lemay, Bruce Edward Bursten, H. Lemay. «Chemistry: The Central Science». Prentice Hall; 8 edition (1999). pp 3-4. ISBN 0-13-010310-1
  3. Carsten Reinhardt. «Chemical Sciences in the 20th Century: Bridging Boundaries». Wiley-VCH, 2001. pp. 1-2. ISBN 3-527-30271-9

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]