Даўжыня цела 26-32 см, размах крылаў 47-54 см. Стройная, верх карычнева-рыжаваты з чорнымi плямкамi, на баках шыi плямы з чорна-белых палосак, хвост чорна-белы, у палёце моцна закруглены. У маладых плямы на шыi адсутнічаюць, галава i шыя карычневыя. Голас: рытмiчнае, працяглае, мадуляванае «турр-урр-уррр-уррр».
Арэал: Еўропа (акрамя поўначы), Малая Азія, цэнтральная частка Азіі да паўночнага і цэнтральнага Кітая, Паўночная і Цэнтральная Афрыка. На Беларусі звычайны на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від. Месца зімовак — трапічная Афрыка.
Насяляе ўскрайкі лясоў (перш за ўсё — лісцевых), меншыя дрэвастоі з густым падростам і падлескам, прырэчныя лясы. Аддае перавагу сухім сонечным адкрытым тэрыторыям з доступам да вады. Можа засяляць сады, пранікае ў сельскагаспадарчыя пабудовы, паселішчыі гарады. Падвід S. t. arenicola ў Азіі далінамі рэк даходзіць да 2000 м над у.м. Астатнія падвіды — тыпова нізінныя (у Еўропе дасягае максiмальна да 500 м).
Гняздо ладзіць у развілцы галін каля ствала; часам у падросце або кустах (напр., цярноўнiку). Гэта ажурны слой з пругкіх галінак. Можа быць з рэдкай высцілкай з карэньчыкаў, траў і лістоў.
Яйкі 2 (часам 1), з аднолькавымі канцамі, белыя з выразным бляскам. Памеры: 30 х 23 мм.