Голубападо́бныя (Columbiformes) — атрадптушак, пашыраных амаль па ўсім свеце. У сучаснай класіфікацыі ўключае адно сямейства — галубіныя (Columbidae).[1][заўв 1]
Даўжыня цела сучасных відаў складае прыблізна 15—80 см, маса — ад 30 г да некалькіх кілаграмаў; вымерлыя дронты былі значна буйнейшыя. Апярэнне шчыльнае. Крылы ў большасці відаў падоўжаныя і завостраныя. Валлё і мускульны страўнік добра развітыя.[2]
Большасць відаў корміцца насеннем, пладамі і іншымі часткамі раслін, корм часта збірае на зямлі. Голубападобныя пераважна манагамныя. Гняздуюцца на дрэвах, у дуплах, норах, нішах скал і будынкаў або на зямлі. У кладцы звычайна адно ці два яйкі. Абодва бацькі кормяць птушанят адрыжкай валляка — так званым «птушыным малаком».[2]
Пашыраны ва ўмераных, субтрапічных і трапічных шыротах усіх кантынентаў, акрамя Антарктыды. Сустракаюцца ў лясах, стэпах, саваннах, гарах, сельскіх і гарадскіх паселішчах.
Шызы голуб быў прыручаны чалавекам; ад яго паходзяць шматлікія пароды свойскіх галубоў. Іх развядзеннем займаецца асобная галіна птушкагадоўлі — галубаводства. Некаторыя дзікія віды з’яўляюцца аб’ектамі палявання, іншыя ахоўваюцца.[2]
↑У старэйшай класіфікацыі Беларускай энцыклапедыі, да голубападобных адносілі таксама рабковых (Pteroclidae), а дронтавых (Raphidae) разглядалі як асобнае сямейства.[2] Паводле сучасных даследаванняў рабковыя ўтвараюць самастойны атрад рабкападобныя (Pterocliformes), а дода і дронт-пустэльнік уваходзяць у сямейства галубіных.[3]
Gibbs, David; Barnes, Eustace; Cox, John. Pigeons and Doves: A Guide to the Pigeons and Doves of the World. — Robertsbridge: Pica Press, 2001. — 615 p. — ISBN 978-1-873403-60-0.
Young M. T., Hume J. P., Day M. O. et al. The systematics and nomenclature of the Dodo and the Solitaire (Aves: Columbidae), and an overview of columbid family-group nomina // Zoological Journal of the Linnean Society. — 2024. — Vol. 201, iss. 4. — DOI: 10.1093/zoolinnean/zlae086.
↑Young, Mark T.; Hume, Julian P.; Day, Michael O.; Douglas, Robert P.; Simmons, Zoë M. (2024). The systematics and nomenclature of the Dodo and the Solitaire (Aves: Columbidae), and an overview of columbid family-group nomina. Zoological Journal of the Linnean Society(англ.). 201 (4). doi:10.1093/zoolinnean/zlae086.
↑Chesser, R. Terry; Billerman, Shawn M.; Burns, Kevin J.; Cicero, Carla; Dunn, Jon L. (2025). Sixty-sixth Supplement to the American Ornithological Society's Check-list of North American Birds. Ornithology(англ.). 142 (3). doi:10.1093/ornithology/ukaf015.