Зыслаў (мемарыяльны комплекс)

З пляцоўкі Вікіпедыя

Мемарыяльны комплекс «Зыслаў» — мемарыяльны комплекс, знаходзіцца за 2 км ад в. Старасек Любанскага раёна ва ўрочышчы Зыслаў (востраў Зыслаў), дзе ў Вялікую Айчынную вайну быў цэнтр Любанска-Акцябрскай партызанскай зоны і размяшчаліся кіруючыя органы падпольнага партыйнага і партызанскага антыгітлераўскага руху. Комплекс (архітэктар Г.Заборскі) адкрыты для наведвання ў 1969 г.

Цэнтрам кампазіцыі з’яўляецца 14-метровы абеліск з трох вертыкальных плоскасцей з надпісамі-прысвячэннямі ў гонар падпольных Мінскіх абкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ, Любанскіх райкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ, штабоў партызанскага злучэння Мінскай вобласці, 25-й партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі. Побач з ім 7 узноўленых партызанскіх зямлянак. На трох брацкіх магілах, дзе пахаваны 290 савецкіх салдат і партызан, устаноўлена скульптура «Стары ў жалобе» (скульптар А.Якавенка) і 6 пліт з імёнамі загінуўшых. На месцы партызанскага аэрадрома знаходзіцца памятны знак у выглядзе вітка спіралі. Пры ўездзе і выездзе з вострава — 2 мемарыяльныя знакі накшталт факелаў.

Штогод, 3 ліпеня, у гонар вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў у мемарыяльным комплексе праводзяцца сустрэчы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ладзяцца экскурсіі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Зы́слаў // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 340. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.