Кадэнцыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Кадэнцыя (лац.: cadentia ад лац.: cado падаю, прыпадаю, супадаю) — перыяд, на працягу якога праходзілі пасяджэнні Трыбунала ВКЛ, сесія Трыбунала.

Першапачаткова кандэнцыі праходзілі ў Вільні і Троках для Віленскай дэпартыцыі (Віленскае і Трокскае ваяводствы, Жамойць) і ў Новагародку і Менску для Рускай дэпартыцыі (астатняя тэрыторыя ВКЛ). Сойм 1588 пастанавіў, што кадэнцыі для Віленскай дэпартыцыі праходзяць штогод толькі ў Вільні (віленскія кадэнцыі), а для Рускай — пачаргова праз год у Новагародку і Менску (рускія кадэнцыі).

Віленская кадэнцыя пачыналася ад Фамінога тыдня (2-і тыдзень пасля Вялікадня), рускія — на 4 тыдні пазней, працягваліся па 20 тыдняў. Сойм 1775 прызначыў кадэнцыю Рускай дэпартыцыі Гродна і новыя тэрміны кадэнцыі: віленскай — з 15 лістапада да 15 красавіка, гродзенскай — з 1 мая да 30 верасня. Пасля ўтварэння ў Расійскай імперыі Літоўскай губерні (1797) створаны Галоўны літоўскі суд з правамі губернскага суда, які таксама меў паўгадавыя кадэнцыі ў Вільні і Гродне.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Пазднякоў, В. С. Кадэнцыя / Валерый Пазднякоў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 1: А — К / Рэдкал: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. З. Э. Герасімовіч. — 2-е выданне. — Мн.: БелЭн, 2007. — 688 с.: іл. — С. 684. — ISBN 978-985-11-0393-1.