Калоны Ашокі
Калоны Ашокі — каменныя слупы, пастаўленыя ў сярэдзіне III стагоддзя да н.э. па загадзе індыйскага цара Ашокі ў ключавых цэнтрах дзяржавы Маур'яў.
Надпісы на калонах, выкананыя на брахмі і расшыфраваныя Дж. Прынсепам у 1837 годзе, з'яўляюцца найстаражытнымі прыкладамі індыйскага пісьма[1]. На вяршынях калон першапачаткова былі размешчаны скульптурныя групы з выявамі свяшчэнных жывёл. Таксама іх упрыгожвалі выявы кола дхармы і свастыкі.
Калоны падзяляюцца на малыя і вялікія; апошнія маюць 12-15 метраў у вышыню і важаць каля 50 тон. Калоны ўзводзліся ў людных месцах, часам аддаленых на сотні міль ад таго месца, дзе іх вырабілі. Побач з кожным манументам стаяў служка, які растлумачваў сэнс надпісу непісьменнаму насельніцтву. Устаноўка такіх калон была эфектыўным сродкам дзяржаўнай прапаганды[2].
Калоны Ашокі сталі прадметам пераймання для наступных індыйскіх кіраўнікоў (гл. калона Геліядора, жалезная калона). Па-за межамі Індыі іх капіраваў у XIII стагоддзі сіямскі цар Менграй.
Паколькі мусульманскія кіраўнікі Індыі сістэматычна знішчалі статуі жывёл, да нашага часу дайшлі фрагменты толькі 19 калон і толькі шэсць скульптурных груп. Відавочна, у старажытнасці іх было значна больш. Паваленыя калоны былі адрэстаўраваны ў XIX стагоддзі брытанскімі каланіяльнымі ўладамі.
Лепш іншых навершаў захавалася т.зв. львіная капітэль у Сарнатху, чыя стылізаваная выява была абвешчана ў 1950 годзе нацыянальнай эмблемай Індыі. Гэту капітэль выявіў у 1851 годзе брытанскі археолаг А. Канінгем, якому належыць таксама гонар адкрыцця калоны ў Санчы.
Іератычныя выявы жывёл на калонах зведалі ўплыў мастацтва Ахеменідаў[3]. Гэта найбольш старажытныя шэдэўры індыйскай скульптуры. У наш час яны перанесены ў музеі, а на калонах іх замясцілі копіі.
Зноскі
- ↑ https://books.google.com/books?id=pH8ZCCIZ8McC&pg=PA29
- ↑ https://books.google.com/books?id=gwUF11NRyT4C&pg=PA200
- ↑ Gardner's Art through the Ages (ed. Fred Kleiner). 15th edition. ISBN 9781305544918. Page 441.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Калоны Ашокі