Перайсці да зместу

Калхіда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Калхіда (груз. კოლხეთი, грэч. Κολχίς) — старажытнагрэчаская назва заходняй часткі Грузіі (мясц. Эгрысі).

У пачатку І тыс. да н.э. гэтыя землі насялялі колхі. Паводле падання антычных аўтараў, тут правіў Ээт, бацька Медэі, ён валодаў залатым руном, якое выкралі арганаўты. У VI ст. да н.э. тут узніклі грэчаскія калоніі Фасіс і Дыяскурыяда.

У VI—II ст. да н.э. існавала Калхідскае царства. Асноўным заняткам яго насельніцтва з’яўлялася земляробства, былі развіты металургія жалеза, апрацоўка лёну, дрэва, ювелірнае, керамічнае і іншыя рамёствы, чаканіліся сярэбраныя манеты (калхідкі). Існавалі гандлёва-рамесныя пункты гарадскога тыпу і гарады. У канцы VI — пачатку V ст. да н.э. Калхідскае царства знаходзілася ў залежнасці ад Персіі. У IV ст. да н.э. правіцель Куджы ўзначаліў рух за аб’яднанне старажытнагрузінскіх плямён у адзіную дзяржаву.

У II ст. да н.э. Калхіда заваявана Пантыйскім царствам, у I ст. да н.э. — Рымам. На мяжы I—II ст. н.э. узнікла царства Лазіка, якое паступова падпарадкавала і насельніцтва паўночнай Калхіды.

  • Калхіда; Калхідскае царства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — С. 487. — 604 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
  • David Braund. Georgia in Antiquity: A History of Colchis and Transcaucasian Iberia, 550 BC-AD 562. Oxford: Clarendon Press, 1994.