Канстанцін Жданаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Канстанцін Жданаў — (22 сакавіка 1875 — 29 красавіка 1919) — праваслаўны святар, ахвяра бальшавісцкага тэрору, кананізаваны ў 2011 годзе Беларускай Праваслаўнай Царквой, мучанік за веру.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У 1900 годзе Канстанцін Жданаў ажаніўся, атрымаў рукапакладанне ў сан дыякана і пачаў служыць у царкве ў вёсцы Юдзішчына каля Шаркаўшчыны. Калі памёр яго бацька, Канстанцін папрасіў у духоўных уладаў дазвол перайсці на служэнне ў Шаркаўшчыну, каб дапамагаць сваім малодшым братам. 30 красавіка 1900 года ў Ковенскім Петра-Паўлаўскім саборы ён быў рукапакладзены ў сан святара, пасля чаго стаў настаяцелем прыхода ў Старой Шаркаўшчыне.

На другі год служэння айцец Канстанцін пачаў шукаць падтрымку на пабудову новай царквы ў Старой Шаркаўшчыне, бо старая царква ўжо амаль развальвалася. Епархіяльныя ўлады дазволілі будоўлю толькі ў 1906 годзе. Стары храм быў разабраны, а закладка новага адбылася 3 ліпеня 1908 года. Айцец Канстанцін шукаў сродкі ў людзей, якія выязджалі на заробкі. Каб сабраць грошы на іканастас, святару давялося ехаць у Маскву і збіраць ахвяраванні з тамтэйшых прадпрымальнікаў. Новапабудаваны Свята-Успенскі храм у Старой Шаркаўшчыне быў асвечаны 13 лістапада 1912 года.

Айцец Канстанцін быў вядомым прапаведнікам, шмат часу прысвячаў на малітву. Прыхаджане з увагай слухалі яго казанні. Таксама святар выкладаў Закон Божы ў трох вясковых школах, а ў 1916 годзе пачаў выконваць абавязкі загадчыка Беразвецкай жаночай вучэльні, якая была эвакуяваная ў Шаркаўшчыну.

Святар працягваў служэнне і пасля ўсталявання камуністычнай улады, якая разгарнула жорсткі тэрор у Дзісненскім павеце. Вясной 1919 года (канец красавіка або пачатак мая) айца Канстанціна арыштавалі адразу пасля багаслужбы і пад канвоем перавезлі ў павятовы цэнтр. Бальшавікі расстралялі жанчын, якія спрабавалі заступіцца за святара. Айца Канстанціна павялі на расстрэл разам з айцом Міхаілам Сіняўскім, настаяцелем прыхода ў Язне. Айцец Міхаіл здолеў уцячы ад п'яных канваіраў; айцец Канстанцін не спрабаваў уцякаць.Я нічога дрэннага не зрабіў. Што Бог спашле, тое і буду цярпець — сказаў ён.

Схаваўшыся, айцец Міхаіл бачыў, як п'яныя камуністы катавалі айца Канстанціна. Святара білі рыдлёўкай па галаве, адсеклі вуха, вырывалі валосы на галаве, пераламалі нагу. Перад смерцю ў яго запыталі апошняе жаданне — і святар папрасіў дазволу памаліцца. Пасля кароткай малітвы святара аглушылі моцным ударам і жывога закапалі ў яму.

Пахаваць цела айца Канстанціна ўдалося толькі праз два месяцы, пасля таго як у чэрвені 1919 года польскія войскі, падтрыманыя мясцовымі паўстанцамі, вызвалілі Дзісненскі павет ад камуністаў. Святара пахавалі ў падвале пад алтаром Свята-Адзігітрыеўскай царквы ў Дзісне.

Мясцовае насельніцтва дзесяцігоддзямі захоўвала памяць пра айца Канстанціна Жданава. У 1995 годзе ў шаркоўшчынскай царкве пачалі служыць адмысловыя набажэнствы ў памяць святара-мучаніка. У 2010 годзе Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл даў дабраславенне на кананізацыю святара. Урачыстае далучэнне айца Канстанціна Жданава да ліку святых адбылося 4 чэрвеня 2011 года ў Свята-Уваскрасенскім храме Дзісны. У гэтым жа храме цяпер захоўваюцца мошчы мучаніка.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]