Перайсці да зместу

Шаркаўшчына

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гарадскі пасёлак
Шаркаўшчына
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
Гарадскі пасёлак з
Вышыня цэнтра
129 м[1]
Насельніцтва
  • ▼5 811 чал. (1 студзеня 2026)[2]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2154
Паштовы індэкс
211921
Аўтамабільны код
2
СААТА
2255551000
Шаркаўшчына (Беларусь)
Шаркаўшчына
Шаркаўшчына


Шаркаўшчына (Віцебская вобласць)
Шаркаўшчына
Шаркаўшчына


Мапа

Ша́ркаўшчына[3] (трансліт.: Šarkaŭščyna, мясц. дыял.: Шарко́ўшчына) — гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці Беларусі, цэнтр Шаркаўшчынскага раёна, на рацэ Дзісна. За 197 км ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Варапаева—Друя, аўтамабільнымі дарогамі звязаная з Глыбокім, Браславам, Міёрамі і іншымі. Насельніцтва — 5 811 чалавек (1 студзеня 2026).

На думку В. Жучкевіча, назва Шаркаўшчына ўтворана ад прозвішча, вытворнага ад слова шэры, шарко[4].

На думку А. Рогалева, у аснове назвы мянушка або прозвішча Шаркі ці Шарка, Шарко, якія можна супаставіць з дзеясловам шаркаць і тлумачыць у значэннях «той, хто шаркае нагамі» ці «чалавек, які зневажальна ставіцца да іншых», «непрыемны чалавек, які мае схільнасць зласловіць, абгаворваць»[5].

На думку У. Юрэвіча, назву пасёлку даў дзяслоў шаркаць, якім выяўляецца звычка шляхты для праявы пашаны пры вітанні адводзіць правую нагу ўбок, і шаркаючы, прыстаўляць да левай[6].

На думку А. Адамковіча, айконім утварыўся па беларускай словаўтваральнай мадэлі: літоўскі антрапонім Šarkа «сарока» + патранімічны суфікс -шчына. У раёнах па абодва бакі беларуска-літоўскай мяжы дастаткова шмат населеных пунктаў з назвамі тыпу Шаркішкі (Браслаўскі р-н), Шаркуці (Іўеўскі р-н), Шаркамедзь (Ашмянскі р-н), таксама шмат літоўскіх антрапонімаў тыпу Šarka. Апроч таго, тапонімы з асновай Шарк- звязвалі з эстонскім särg «плотка», фінскім särki «тое самае», ліўскім särg «чырвонае ці рыжае вока»[7].

Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая

[правіць | правіць зыходнік]

У 1503 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр даў Шаркаўшчыну Юрыю Іванавічу Зяновічу. Пазней Шаркаўшчына належала Мікалаю Зяновічу, яго сыну Юрыю, унуку Мікалаю. У 1604 годзе дачка Мікалая, Рэгіна Хамцова, разам са сваім мужам прадалі Шаркаўшчыну канцлеру літоўскаму Льву Сапегу, які далучыў Шаркаўшчыну да сваіх уладанняў Друі і Іказні[8].

Паселішча спачатку было на левым беразе Дзісны ў Браслаўскім павеце (Старая Шаркаўшчына). У 1639 годзе там заснавана грэка-каталіцкая царква[8].

У 1753 годзе падскарбі надворны літоўскі Аляксандр Сапега прадаў Шаркаўшчыну Мікалаю Тадэвушу Лапацінскаму[8], які ў 1767 годзе заснаваў мястэчка Новая Шаркаўшчына на правым беразе Дзісны, у Ашмянскім павеце.

Ян Нікадзім Лапацінскі. Гравюра-аўтапартрэт.

У 1770 годзе Мікалай Лапацінскі саступіў Шаркаўшчыну свайму сыну, старосце мсціслаўскаму Яну Нікадзіму Лапацінскаму, які заклаў над ракой Янкай побач з Шаркаўшчынай багатую рэзідэнцыю (Красны Двор).

Там Ян Нікадзім збудаваў двухпавярховы мураваны палац, аранжэрэю, рыма-каталіцкую капліцу[8], заклаў парк.

У 1776 годзе Ян Нікадзім Лапацінскі фундаваў грэка-каталіцкую царкву ў Новай Шаркаўшчыне[8].

Расійская імперыя

[правіць | правіць зыходнік]

З 1793 года ў складзе Расійскай імперыі, Старая і Новая Шаркаўшчына сталі мястэчкамі Дзісненскага павета (з 1795 года — у Мінскай, з 1842 года — Віленскай губерні).

Будынак канца XVIII ст. на сядзібе Яна Нікадзіма Лапацінскага ў Красным Двары.

У 1802 годзе большая частка маёнтка Шаркаўшчына з прычыны даўгоў Яна Нікадзіма Лапацінскага была падзеленая паміж крэдыторамі. Ва ўласнасці Яна Нікадзіма Лапацінскага засталіся непасрэдна двор Шаркаўшчына і фальваркі Юзафова і Хіны. У 1807 годзе ён перадае Шаркаўшчыну і Юзафова свайму сыну Томашу, віцэ-маршалку шляхты Дзісненскага павета, той у 1814 годзе прадае свой маёнтак Матэвушу Багуцкаму[8]. Маёнтак Шаркаўшчына (Красны Двор) заставаўся ва ўласнасці Багуцкіх да 1939 года.

У першыя гады ХІХ стагоддзя Ян Нікадзім Лапацінскі стварыў у Шаркаўшчыне серыю гравюр: партрэты членаў сям’і, рэлігійныя сюжэты, партрэт Тадэвуша Касцюшкі. Гравюры рэлігійнага зместу былі прызначаныя для распаўсюджання сярод сялян[9].

Сядзіба Федаровічаў у Базыльполлі.

Новая Шаркаўшчына стала ўласнасцю Федаровічаў. Федаровічы заклалі на левым беразе Дзісны сядзібу Базыльполле[8], дзе ў канцы ХІХ ст. збудавалі мураваны сядзібны дом. Федаровічы валодалі Базыльполлем да 1939 года.

Пасля адмены прыгоннага права і сялянскай рэформы 1861 года Шаркаўшчына ўвайшла ў склад Ігуменаўскай воласці Дзісненскага павета. У 1863 годзе ў Старой Шаркаўшчыне адчынілася народнае вучылішча[8].

Царква Успення Прасвятой Багародзіцы (былая ўніяцкая). Фота каля 1900 года.

Паводле выдадзенага ў 1890 годзе Słownika geograficznego Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich, у Новай Шаркаўшчыне — 568 жыхароў, драўляная парафіяльная праваслаўная царква, яўрэйскі дом малітвы, паліцэйскае ўпраўленне, паштовая станцыя. У Старой Шаркаўшчыне, паводле стану на 1881 год — 215 жыхароў, праваслаўная царква, народнае вучылішча[8].

У 1897 годзе на месцы драўлянай царквы ў Новай Шаркаўшчыне збудаваная мураваная царква ў гонар абраза Маці Божай «Усіх смуткуючых радасць»[10]. У 1912 годзе ў Старой Шаркаўшчыне намаганнямі прыхаджан і настаяцеля а. Канстанціна Жданава збудаваная драўляная царква Успення Прасвятой Багародзіцы ў стылі мадэрн[11].

У 1906 годзе ў Шаркаўшчыне была ўтвораная рыма-каталіцкая парафія, у лістападзе 1907 года ў Старой Шаркаўшчыне асвечаны драўляны касцёл Узвышэння Святога Крыжа[12], збудаваны па праекце архітэктара Антонія Філіповіча-Дубовіка.

Найноўшая гісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

З 1921 года ў складзе Польшчы. У пачатку Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе занята Чырвонай Арміяй і далучана да БССР, з 15 студзеня 1940 года цэнтр Шаркаўшчынскага раёна, з 12 кастрычніка 1940 года — гарадскі пасёлак. З 30 чэрвеня 1941 да 1 ліпеня 1944 года акупіраваны нацыстамі, якія загубілі ў Шаркаўшчыне 865 жыхароў. З 20 студзеня 1944 года ў Полацкай, з 8 студзеня 1954 года ў Маладзечанскай, з 20 студзеня 1960 года Віцебскай вобласці. У 1962—1966 гадах у Мёрскім раёне, з 30 ліпеня 1966 года зноў цэнтр раёна.

  • XIX стагоддзе: 1866 год — 0,5 тыс. чал. у Новай Шаркоўшчыне, 150 чал. у Старой Шаркоўшчыне[13]; 1881 год — 215 чал. у Старой Шаркоўшчыне; 1897 год — 1038 чал. у Новай Шаркоўшчыне, 127 чал. у Старой Шаркоўшчыне
  • XX стагоддзе: 1939 год — 1802 чал.; 1995 год — 8,7 тыс. чал.[14]
  • XXI стагоддзе: 2005 год — 7,3 тыс. чал.; 2006 год — 7,2 тыс. чал.; 2008 год — 7,0 тыс. чал.; 2009 год — 6,9 тыс. чал.; 2010 год — 6,9 тыс. чал.; 2016 год — 6424 чал.[15]; 2017 год — 6330 чал.[16]; 2026 год — 5811 чал.

Прадпрыемствы харчовай і будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Гасцініца.

Буйнейшыя прадпрыемствы:

  • Філіял УП «Полацкая універсальная база» (былы Шаркаўшчынскі кансервава-агароднінасушыльны завод).

Адукацыя і культура

[правіць | правіць зыходнік]

У Шаркаўшчыне працуюць 2 сярэднія, спартыўная дзіцяча-юнацкая, дзіцячая школа мастацтваў.

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, цэнтр рамёстваў.

29-30 верасня 2023 г. у Шаркаўшчыне прайшоў абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі».

Свята-Успенская царква.

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]

У Шаркаўшчыне памёр і пахаваны дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага Ян Нікадзім Лапацінскі (1747—1810).

  1. ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. ↑ Численность населения на 1 января 2026 г. и среднегодовая численность населения за 2025 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, посёлков городского типа — Минск: Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2026. — 30 с.
  3. ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  4. ↑ В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 407.
  5. ↑ А. Ф. Рогалеў. Назвы Бацькаўшчыны (тапанімія Беларусі). Гомель, 2008. С. 66.
  6. ↑ У. М. Юрэвіч. Слова жывое, роднае, гаваркое… Дапам. для настаўнікаў. Мінск, 1998. С. 186.
  7. ↑ Адамковіч А. Літоўскія назвы ў тапаніміцы нашага рэгіёна. Паставы, 2018. С. 9-12.
  8. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1890. — С. 797-798.
  9. ↑ Рынкевіч, Уладзімір Іванавіч. Ян Лапацінскі. — Мінск, 2011. — С. 13-19. — ISBN 978-985-522-020-7.
  10. ↑ Царква Абраза Божай Маці "Усіх Смуткуючых радасць" . Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь.
  11. ↑ Свята-Успенская царква . Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь.
  12. ↑ Віцебская дыяцэзія Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Дыяцэзіяльны даведнік / укладанне Кацярыны Лаўрыненкі. — Мінск: Медысонт, 2019. — С. 338-340. — ISBN 978-985-7728-31-7.
  13. ↑ Шаркаўшчына на Прыдзвінскі край: Гісторыя і сучаснасць
  14. ↑ Беларусь 1995.
  15. ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  16. ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.