Перайсці да зместу

Капавушка з Навагрудка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Капавушка з Навагрудка. XII ст.
Матэрыял рог
Тэхніка разьба
Памеры 10 см ×  см
Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, Мінск

Капавушка з Навагрудка — капавушка XII ст., знойдзеная ў Навагрудку на тэрыторыі вакольнага горада на падлозе дома заможнага гараджаніна, распісанага фрэскамі[1]. Захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

Зроблена з рогу высакароднага аленя мясцовым майстрам[1]. Наверша капавушкі зроблена як фігурка старажытнага музыканта, які сядзіць на лаўцы кубічнай формы і грае на трапецападобным трохструнным шчыпковым інструменце, магчыма, псалтыры, на падстаўцы. Струны інструмента вертыкальна нацягнуты на дошцы. Музыкант бязвусы і безбароды, валасы каротка падстрыжаныя. Апрануты ў доўгую кашулю перахопленую поясам, яна спускаецца да кален, на галаве — лямцавая шапка, насунутая на лоб[2][3]. Сярэдзіна капавушкі з вялікім валікам, а ніжняя частка гладкая з лапатачкай[1].

Фігурка з Навагрудка падобная да фігуркі барабанашчыка з Ваўкавыска. У фігурак на іх адзін тып твару, прычосак, шапак і кашуль. Такое падабенства аблічча музыкантаў дае падставы думаць, што кастарэзы, якія іх рабілі, выяўлялі старажытных музыкантаў прафесіяналаў. Навагрудскі музыкант дае ўяўленне пра песняра, які граў на псалтыры ў доме багатага гараджаніна[2].

М. Нікалаеў і П. Канакоў атрыбутуюць капавушку як плектр, якім гралі на струнных музычных інструментах тыпу гусляў[2][4].

  1. а б в Мядзведзева В. У. Касцярэзная вытворчасць Навагрудка ў сярэдневякоўі
  2. а б в Гурэвіч Фрыда. Летапісны Новгородок (старажытнарускі Наваградак)
  3. Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : іл.
  4. Нікалаеў М. Канакоў П. Паспрабуем прачытаць «ілюмінацыю» // Мастацтва Беларусі. 1988. С. 39—41.
  • Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : іл.