Карагод (апавяданне)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карагод
Runaround
Жанр навуковая фантастыка
Аўтар Айзек Азімаў
Мова арыгінала англійская
Дата напісання 1942
Дата першай публікацыі сакавік 1942
Апублікаваны ў Analog Science Fiction and Fact[d]
Цыкл Серыя пра робатаў
Папярэдні Victory Unintentional[d]
Наступны Логіка

«Карагод» (англ.: Runaround) — навукова-фантастычнае апавяданне Айзека Азімава, напісанае ў кастрычніку 1941 года і ўпершыню апублікаванае ў сакавіку 1942 года ў часопісе Astounding Science Fiction. Апавяданне ўвайшло ў аўтарскія зборнікі: Я, Робат (I, Robot) (1950), The Complete Robot (1982) і Robot Visions (1990). У апавяданні дзейнічаюць пастаянныя персанажы кніг Азімава: Паўэл (Powell) і Донаван (Donovan).

Як і ў многіх іншых апавяданнях Азімава з цыкла пра робатаў, сюжэт «Карагоду» будуецца вакол Трох законаў робатэхнікі і складаецца ў вырашэнні героямі дылемы, спароджанай гэтымі законамі.

«Карагод» характэрны тым, што ў гэтым апавяданні Азімаў упершыню сфармуляваў свае Тры законы робатэхнікі, якія неаднаразова выкарыстоўваліся ў рознага роду творах.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

У 2015 годзе, Паўэл, Донаван і робат СПД-13 «Спідзі» (SPD-13, «Speedy») выправіліся на Меркурый для раскансервацыі станцыі на руднях, закрытай дзесяць гадоў раней. З прычыны таго, што робаты серыі СПД з’яўляюцца вельмі дарагімі ў вытворчасці, для іх Трэці закон («Робат мусіць клапаціцца пра сваю бяспеку ў той меры, наколькі гэта не супярэчыць першаму і другому законам») быў зададзены асабліва строга.

Па прыбыцці напарнікі выявілі, што ў сонечных батарэях, без якіх нармальная жыццядзейнасць станцыі немагчымая, заканчваецца селен. Найбліжэйшае селенавае возера знаходзілася ў сямнаццаці мілях ад станцыі, і, з прычыны таго, што толькі Спідзі мог вытрымаць страшную спякоту атмасферы Меркурыя, Донаван пасылае робата за селенам. Паўэла і Донавана ахоплівае трывога, калі праз пяць гадзін Спідзі так і не вярнуўся ў лагер. Злавіўшы немадуляваны караткахвалевы сігнал ад робата, Донаван усталяваў, што Спідзі па незразумелай прычыне бегае вакол возера. Надзеўшы скафандры, вярхом на робатах састарэлай канструкцыі кампаньёны адправіліся на пошукі Спідзі.

Высвятлілася, вакол селенавага возера ў атмасферы Меркурыя з’яўляўся вокіс вугляроду, які злучаўся з жалезам корпуса робата, утвараючы лятучы карбаніл, што шкодзіла робату. З іншага боку выявілася, што загад дастаць селен быў дадзены Донаванам недастаткова строга і выразна («перапынкамі»), і слабы патэнцыял загаду чалавекам (Другі закон робататэхнікі) зраўняўся з узмоцненым патэнцыялам закона самазахавання (Трэці закон), з-за чаго Спідзі пачаў безупынна кружыць вакол возера ўздоўж лініі, на якой патэнцыялы абодвух законаў былі роўныя. Акрамя таго з прычыны роўнасці патэнцыялаў Спідзі трохі звар’яцеў і цытаваў урыўкі твораў Гілберта і СаліванаМікада», «Іаланта», «Пейшэнс», «Радыгор»)[1].

Спачатку Паўэл і Донаван паспрабавалі зрушыць раўнавагу і прыцягнуць Спідзі да сябе ў цень з дапамогай імправізаваных бомбаў са шчаўевай кіслатой, якая раскладаецца пры награванні на вуглякіслы газ, ваду і патрэбны вокіс вугляроду. Аднак раўнавага ссоўвалася нязначна і ненадоўга. Тады Паўэл выйшаў пад пякучае сонца Меркурыя, падвергшы сябе смяротнай небяспецы і прызваўшы на дапамогу безумоўны Першы закон, чым вывеў робата з завісання.

Зноскі

  1. I, Robot — allusions(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 снежня 2018. Праверана 29 лістапада 2020.