Карты Лапіных

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Карты Лапіных – ігральныя карты, якія выраблялі на гродзенскай фабрыцы ў 1920 - 1940 гадах. Былі шырока папулярныя за межамі Гродзеншчыны.

Фабрыка Лапіных[правіць | правіць зыходнік]

Першая ў Гродне картачная мануфактура з’явілася ў Гродне ў 1770-х гадах. Яе заклаў гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз. Яна існавала мінімум дзесяць гадоў. Але дасюль невядомы асартымент той мануфактуры.

Фабрыка Лапіных (Першая краёвая фабрыка ігральных карт братоў Лапіных (“Аляксандр Лапін і кампанія”)) працавала ў Гродне ў перыяд 1920 - 1940 гадоў. Яна размяшчалася ў будынках на сучаснай вуліцы Будзёнага 54 і 56. Зараз там размяшчаецца “Белмытсэрвіс”.

У восені 1939 года фабрыку братоў Лапіных нацыяналізавалі, а яе гаспадары загінулі ў гродзенскім гета падчас нямецкай акупацыі горада. Пасля 1944 года фабрыку зарыентавалі на выраб прапагандысціх матэрыялаў: партрэтаў савецкіх кіраўнікоў і плакатаў на тэму жыцця працоўных у СССР.

Ігральныя карты, якія друкавалі на фабрыцы былі вядомыя сваёй якасцю, прыгажосцю, арыгінальнасцю і разнастайнасцю.

Калода “з каралямі”[правіць | правіць зыходнік]

У асартыменце былі так званыя “народныя” калоды – на якіх былі выявы шляхты часоў Рэчы Паспалітай замест каралёў і валетаў, “прускія”, “барочныя”, а ў гады нямецкай акупацыі на фабрыцы Лапіных друкавалі “рэйнскія” ігральныя карты. На чырвоным тузе ў кожнай калодзе размяшчаўся лагатып Фабрыкі Лапіных[1].

Карты Лапіных знойдзеныя ў 2015 годзе

Падобная фабрыка была не адзінай на тэрыторыі міжваеннай Польшчы. Але калода з выявай каралёў – унікальная, бо яе распрацавалі і друкавалі толькі ў Гродне. У каралях калоды можна ўбачыць рэальных гістарычных асобаў: Казіміра Вялікага, Стэфана Баторыя, Жыгімонта Аўгуста, Яна Сабескага. Дамы і валеты з гэтай калоды не адносяцца да гістарычных асобаў, але выявы караля, валета і дамы адной масці выяўлены ў адной стылістыцы, характэрнай для свайго стагоддзя.

Калода “з каралямі” адносілася да брыджавых карт. Звычайна яны пачыналіся з шасцёркі, але гэта калода пачыналася з сямёркі. Таксама ў калодзе прысутнічаў джокер – не звыклая асаблівасць брыджавых карт.

Аднаўленне ігральнай калоды “з каралямі” у XXI стагоддзі[правіць | правіць зыходнік]

Падчас рэканструкцыі будынкаў, дзе раней размяшчалася фабрыка, гродзенскі журналіст выдання “Твой стыль” знайшоў у будаўнічым смецці некаторыя карты Лапіных, у тым ліку неразрэзаныя аркушы. Знаходкі перадалі ў гісторыка-археалагічны музей[2].

Тады ў Гродне пачалася цікавасць да карт Лапіных. Ужо ў 2017 годзе творчае згуртаванне і распрацоўшчыкі настолак “А-Чатыры” аднавілі калоду карт Лапіных “з каралямі”. З-за таго, што карты былі знойдзены ў дрэнным стане, творчаму згуртаванню трэба было адмалёўваць усіх персанажаў ўласнаруч мастаком[3].

Адноўленая калода карт Лапіных

Таксама не атрымалася знайсці адпаведнік каробкі, у якой захоўваліся карты. Таму, для новай калоды, згуртаванне распрацоўвала новуюю каробку. Яны спрабавалі арыентавацца на стылістыку друкаванай прадукцыі тых часоў і вінтажныя вокладкі калод карт розных выдавецтваў. На новай каробцы размясцілі элементы дызайну, якія запазычылі з прадукцыі фабрыкі Лапіных – лагатым, віньеткі, шрыфтавыя кампазіцыі.

Прэзентацыя адноўленай калоды карты адбылася ў ліпені 2017 года ў гродзенскім Новым замку[4].

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Карт Лапіных захавалася мала. Калоду так званых “рэйнскіх” карт, меў былы віцэ-мэр Гродна Аляксандр Мілінкевіч, які ў 2017 годзе перадаў яе творчай групе “А-Чатыры”, якая займалася выданнем адноўленай калоды карт Лапіных.

Мілінкевічу гэтая калода дасталася ад бацькі, якому калоду падарыў кіраўнік фабрыкі Лапін, з якім яны жылі па суседстве.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. 10 асаблівасцяў гродзенскіх ігральных карт Лапіных . Hrodna.life (31 студзеня 2024). Праверана 31 студзеня 2024.
  2. Унікальныя карты Лапіных, якія знайшлі пры рэканструкцыі былой фабрыкі, перададуць у музей – Твой стыль  (20 снежня 2015). Праверана 31 студзеня 2024.
  3. У Гродне перавыдадуць ігральныя карты Лапіных 20-40-х гадоў ХХ ст. Грошы збіраюць на "Талацэ" . Hrodna.life (31 студзеня 2024). Праверана 31 студзеня 2024.
  4. Кулевіч, Руслан. "У гэтых карт ёсць гісторыя, а зараз і будучыня". У Гродне прэзентавалі адноўленыя карты Лапіных . Hrodna.life (8 ліпеня 2017). Праверана 31 студзеня 2024.