Касцюковіцкі краязнаўчы музей

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Касцюковіцкі краязнаўчы музей
Заснаваны 7 ліпеня 1967
Месцазнаходжанне

Касцюковіцкі краязнаўчы музей створаны як музей на грамадскіх пачатках у Касцюковічах. Заснавальнік — настаўнік гісторыі У. Р. Ламінскі. Рашэннем Касцюковіцкага райкама КПБ і раённага Савета народных дэпутатаў ад 7 ліпеня 1967 года стварэнне музея было зацверджана. Згодна з загадам Упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама ад 18 чэрвеня 1973 года і рашэннем Міністэрства культуры БССР ад 1 ліпеня 1973 года музею нададзены статус дзяржаўнага. Да 1990 года размяшчаўся ў драўляным, потым у спецыяльна ўзведзеным будынку (архітэктары У. Гальдштэйн, Э. Гальдштэйн, С. Іваноў), дзе знаходзіцца і цяпер. У розны час музей узначальвалі Л. С. Агеева, А. А. Туркоў, С. І. Камышава. З 2008 года ўстановай кіруе С. С. Тыманюк.

Фонды[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны фонд музея налічвае 14 217 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 6374 адзінкі Агульная плошча будынка 756,4 м², экспазіцыйных памяшканняў — 188,2 м², выставачнай залы — 54 м², карціннай галерэі — 80,6 м².

Многія прадметы музейнага фонду з’яўляюцца першакрыніцамі для вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры, прыроды Касцюковіцкага раёна. Фонд музея прадстаўлены калекцыямі археалагічных знаходак, старадрукаў і друкаваных выданняў, дакументаў, фотаздымкаў, прадметаў побыту, жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, нумізматыкі, баністыкі, узбраення, адзення, музычных інструментаў, узораў тэхнікі і інш. У зборы музея 2 рэпрадукцыі карцін нямецкіх мастакоў, датаваныя прыкладна 1890 годам, што належалі купцу В. П. Баравікову, касцюмы настаўнікаў гімназіі пачатку XX стагоддзя, вырабы з дрэва народнага майстра І.Леўчанкі, унікальныя па тэхніцы і выкананні дэкаратыўна-жывапісныя пано (карціны на бярозавым зрэзе) самабытнага мастака Я. Чычаева, асабістыя рэчы народнага паэта Беларусі А. Куляшова і кнігі з яго аўтографамі. Калекцыя нумізматыкі налічвае больш за 1373 манеты рознай вартасці. Самая старая з іх датуецца 1731 годам. Захоўваюцца манеты часоў праўлення імператрыц Ганны Іаанаўны, Лізаветы Пятроўны, Кацярыны II, імператараў Паўла I, Аляксандра I, Аляксандра II, Аляксандра III. Сабрана 59 манет, выпушчаных да юбілейных дат гарадоў, юбілеяў пісьменнікаў і паэтаў, памятных дат.

Экспазіцыі[правіць | правіць зыходнік]

У музеі дзейнічаюць 2 экспазіцыі: «Прырода» і «Гісторыя». Першая мае раздзелы: паходжанне Зямлі; развіццё жыцця на Зямлі; геалогія; флора і фаўна Беларусі; ахова прыроды; геамарфалогія. У зале «Гісторыя» размешчаны экспанаты наступных раздзелаў: археалогія і старажытная гісторыя; этнаграфія і побыт; рэлігія; адукацыя; рэвалюцыйны рух і ўстанаўленне савецкай улады; войны на тэрыторыі раёна; сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна; чарнобыльская трагедыя; знакамітыя землякі.

Музей мае філіял — Літаратурны музей Аркадзя Куляшова ў в. Новыя Саматэвічы Касцюковіцкага раёна.