Перайсці да зместу

Кляштар дамініканцаў (Ашмяны)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Кляштар дамініканцаў
Абраз касцёла Найсвяцейшай Тройцы[1]
Абраз касцёла Найсвяцейшай Тройцы[1]
Краіна  Беларусь
Горад Ашмяны
Дата заснавання 1667
Стан знішчаны

Кляштар дамініканцаў — кляштар каталіцкага манаскага ордэна.

Заснаваны ў 1667 годзе земскім пісарам А. Пачобут-Адляніцкім ягонай жонкай Даротай з Аборскіх разам з касцёлам Найсвяцейшай Тройцы (закрыты разам з кляштарам ў 1850 годзе) у Ашмянах. Драўляны комплекс быў узведзены ў паўночнай частцы гандлёвай плошчы, па былой вул. Жупранскай. Апошні касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы быў пабудаваны пасля пажару ў 1797 годзе. Кляштар быў разлічаны на 12 манахаў, пры кляштары дзейнічала школа на 10 вучняў. У гісторыі святыні памятная тра­гічная дата 15 красавіка 1831 года, калі расійскія вайскоўцы пасля сутычкі з паўстанцамі забілі ў горадзе каля 500 жыхароў, якія хаваліся ў касцёле, у тым ліку дзяцей і жанчын. У 1850 годзе кляштар быў ліквідаваны, апошнім прыёрам дамініканаў стаў кс. Пётр Ажахоўскі.

У 1872 годзе будынак касцёла быў разабраны (на гэтым месцы пабудавана праваслаўная царква) і намаганнямі ашмянскага бурмістра Эльяша Высоцкага і дэкана кс. Казіміра Сайкоўскага перанесены на каталіцкія могілкі ў якасці капліцы. Могілкавая святыня была асвечана пад тытулам Найсвяцейшай Марыі Панны. Капліца ў стылі класіцызм уяўляла сабой прамавугольны ў плане аб’ём, які складаўся з малітоўнай залы, амаль квадратнага прэзбітэрыя і дзвюх сакрыстый, перакрыты адзіным двухсхільным дахам. Галоўны фасад быў пазначаны чатырохкалонным порцікам. Пры савецкай уладзе капліца была зачынена і з часам ператварылася ў руіны. Але у маі 2004 годзе пачалася яе рэстаўрацыя.