Княжаўка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Княжаўка (або Княжоўка) — вёска пад Гомелем, што існавала ў XVI — пачатку ХІХ ст. У 1560 г. згадвалася як селішча Княжае[1].

Знаходзілася на рацэ Струпіца[2]. Адносілася да мясцовасці Ляхаўскі абруб[3].

Згодна з «Ведамасцю аб дваранах Магілёўскай губерні» 1777 г. належала Багуславу Корвін-Красінскаму, а яго насельніцтва («число головъ») складала 94 чалавекі хрысціянскага веравызнання[4]. Па звестках генеральнага межавання 1784 г. значылася сярод вёсак «дачы» Яроміна, прыналежнай Фаме Красінскаму[5]. Пазней, па ўсім відаць, перайшла ў валоданне Румянцавым.

У дакументах вотчыннага кіравання Гомельскага маёнтка Княжаўка фігуруе сярод «рэвізскіх сказак» 1798 і 1811 гадоў[6]. Верагодна адносілася да Багуслаўскай эканоміі Румянцавых. Аднак у справаздачы аканома Гомельскага маёнтка 1833 г. ніводная з яго эканомій не мела ў сваім спісе вёскі з такой назвай[7]. Няма яе і на карце наваколляў Гомеля 1838 г. — прыблізна на месцы яе імавернага знаходжання пазначаны будынак авечніка і «кирпичный сарай» (цагельня?)[8]. Прычына знікнення вёскі застаецца невядомай.

Дакладная лакалізацыя Княжаўкі не вызначана. Супастаўляючы картаграфічныя звесткі 1784 г. з сучаснымі[2][9], можна выказаць меркаванне аб знаходжанні вёскі на абшарах жылога масіву Чырвоны Кастрычнік у раёне вуліцы Лепяшынскага.

Зноскі

  1. Акты, издаваемые Комиссиею, высочайше учрежденною для разбора древних актов в Вильне : Акты Главного литовского трибунала. — Вильна : Тип. А. Г. Сыркина, 1886. — Т. 13 — С. 376.
  2. а б Генеральный план Белицкого уезда / Генеральное межевание Могилевской губернии 1784 г. — Аб'ект 12.
  3. Прасцэс номіне в.п.п. Плескіх [і інш.] // Akta majątkowe i osobiste rodzin spokrewnionych z Faszczami, 1780-1783(недаступная спасылка). — Арк. 80.
  4. Ведомость о дворянах Могилевской губернии, 1777 г. — Л. 108.
  5. Планы дач генерального и специального межевания, 1746-1917 гг. (коллекция). Опись 233. Часть 1. Губерния, уезд: Могилевская; Белицкий. — Л. 6об.
  6. Вотчинное управление гомельским имением графа Румянцева-Задунайского [пералік і аспісаннне вопісаў фонда 3014 НГАБ].
  7. Са справаздачы аканома Гомельскага маёнтка г. Румянцава // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кн. Кн. 1-я — Мінск : БЕЛТА, 1998. — С. 134-136.
  8. Карта окрестностей местечка Гомеля снятая глазомерно в 1838 году.
  9. Гомель. Атлас туриста. / Справоч. изд. Ред. Ю. М. Нестеровская. — Минск : РУП «Белкартография», 2019. — С. 10-11.