Конікавыя, Конікі сапраўдныя[1] (Tettigonioidea) — надсямейства прамакрылых насякомых падатраду даўгавусых з адзіным сучасным аднайменным сямействам. Больш за 6800 відаў на ўсіх кантынентах (акрамя Антарктыды).
Даўжыня цела ад 8 да 132 мм. Вусікі даўжэйшыя за цела, мнагачленікавыя. На брушку ў самак доўгі серпа- ці шаблепадобны яйцаклад. Надкрылы ў самцоў маюць орган стракатання. Заднія ногі скакальныя, на галёнках пярэдніх ног — органы слыху. Развіццё з няпоўным ператварэннем.
Пашыраны ва ўсіх частках свету з цёплым і ўмераным кліматам (каля 70% у трапічных і субтрапічных краінах). Раслінаедныя ці ўсёедныя, радзей драпежнікі. Яйцы адкладваюць у глебу або ў тканкі раслін.
Конікавыя//Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка/Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984.—588 с., іл.— 10 000 экз.