Перайсці да зместу

Крахаль вялікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вялікі крахаль
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Mergus merganser (Linnaeus, 1758)

Арэал
выява

     Гнездавы арэал      Круглы год

     Толькі зімой
Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  175185
NCBI  8880
EOL  1049001
FW  336064
Mergus merganser

Вялікі крахаль ці вялікі савук (Mergus merganser) — буйная качка з вузкай падоўжанай дзюбай.

Самы буйны і найбольш распаўсюджаны з крахалёў, сваімі памерамі праўзыходзіць крыжанку. Даўжыня цела 60-70 см, маса да 2 кг. Шыя і дзюба доўгія. Характэрная афарбоўка апярэння дазваляе лёгка распазнаць птушку. У самца галава і верхняя частка шыі чорныя, з металічным зеленаватым бляскам. Астатняя яе частка, бакі і ніз цела белыя. Пярэдняя частка спіны чорная, сярэдзіна і надхвосце цёмна-попельна-шэрыя. У самкі бакі, галава і шыя рыжавата-бурыя, пёры на баках з светлай аблямоўкай. Спіна попельна-шэрая з чарнаватымі стракацінамі. Брушка белае.

У адрозненне ад большасці іншых качак, харчуецца не расліннымі кармамі, а рыбай — пра гэта сведчаць вострыя зубы на кручкаватай дзюбе, якімі птушкі трымаюць слізкую здабычу.

На большай частцы арэала нешматлікая пералётная птушка. Гнездавая вобласць ахоплівае пераважна лясную зону Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі, а таксама горныя мясцовасці Сярэдняй Азіі, Гімалаяў і Тыбета. Асноўныя зімоўкі паблізу атлантычнага і ціхаакіянскага ўзбярэжжаў Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі, у раёнах Міжземнамор'я і Чорнага мора, на поўдні Каспійскага мора і ў шэрагу іншых паўднёвых раёнаў Азіі. У Беларусі вельмі рэдкі на гнездаванні (толькі ў паўночнай палове краіны), пералётны, транзітна мігрыруючы і ў нязначнай колькасці зімуючы від.

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Як правіла, трымаецца парамі альбо невялікімі групамі, але часам у месцах зімовак фарміруе вялікія чароды, якія складаюцца з некалькіх тысяч асобін. Корм выключна жывёльны, аснову якога складае разнастайная рыба, часам даўжынёй да 18 см.

Для гнездавання вялікі крахаль выбірае мясціны з хуткаплыннымі рэкамі і чыстымі, глыбокімі і багатымі рыбай азёрамі, чым, уласна, і тлумачыцца яго абмежаванае пашырэнне ў Беларусі (іх тут няшмат). Гнёзды будуе часцей за ўсё ў дуплах дрэў паблізу вадаёмаў на вышыні ад 1 да 18 м. Там, дзе гэтыя птушкі не рэдкасць, яны ахвотна засяляюць штучныя гняздоўі.

Гняздуецца з сярэдзіны траўня. У поўнай кладцы 8-15 белых ці белаватых яек памерамі 55-74 x 37-50 мм. Наседжванне на працягу 32 сутак. Птушаняты растуць павольна і толькі ва ўзросце 60-70 дзён набываюць здольнасць лётаць.

  • M. m. merganser — Еўропа і поўнач Азіі;
  • M. m. orientalis (comatus) — поўдзень Азіі (ад Афганістана да Кітая і Японіі);
  • M. m. americanus — Паўночная Амерыка.
  • Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. ISBN 83-01-13187-X
  • Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5
Зубр еўрапейскі Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
III катэгорыя (VU)