Дробныя матылі (размах крылаў 7—11 мм). Пярэднія крылы ланцэтападобныя, вастраверхія, ад белага да карычневага колеру, небліскучыя або з металічным бляскам. Малюнак адсутнічае або складаецца з плям і косых штрыхоў на кастальным і заднім краях крыла. Заднія крылы вузкія, вастраверхія, з доўгімі махрамі. Жылкаванне крылаў рэдукаванае. На галаве чубок лускавінак. Вусікі доўгія, амаль дасягаюць даўжыні пярэдняга крыла.
Вусені кормяцца на дрэвавых і травяністых раслінах. У ранніх узростах вусені мініруюць лісце раслін, утвараючы змеепадобныя або спіральныя міны. Пазней пакідаюць міны і кормяцца адкрыта, прагрызаюць у лісці адтуліны. Акукліваюцца на паверхні ліста ў рабрыстым кокане. Цыкл развіцця кароткі, за год развіваецца некалькі пакаленняў.