Крызіс у сістэме водазабеспячэння Мінска (2020)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Крызіс у сістэме водазабеспячэння Мінска адбыўся ў канцы чэрвеня 2020 года.

Ход падзей[правіць | правіць зыходнік]

24 чэрвеня жыхары двух раёнаў на захадзе Мінска — Фрунзенскага і Маскоўскага — адчулі непрыемны пах, які ішоў ад вадаправоднай вады. Начальнік вытворчасці «Мінскводаправод» Антон Галаскок звязаў прысутнасць моцнага паху на ачышчальнай водаправоднай станцыі (яна падае ваду ў Маскоўскі і Фрунзенскі раёны) з высокімі тэмпературамі, якія ўсталяваліся ў апошнія дні. Міністэрства аховы здароўя тым часам прыйшло да высновы, што ў двух раёнах сталіцы вада, якая цячэ з кранаў, небяспечная для здароўя, там ёсць нават нафтапрадукты. У названыя раёны быў арганізаваны падвоз пітной вады ў аўтацыстэрнах.

«Мінскводаканал» увесь вечар і ноч праводзіў работы на сетках водазабеспячэння, прамываў магістральныя сеткі. Раніцай 25 чэрвеня людзей запэўнілі, што якасць вады ў магістральных сетках і ў раённых помпавых станцыях Мінска цалкам адпавядае патрабаванням санітарных правіл і норм. Пры гэтым рэкамендавалі не піць ваду, а выкарыстоўваць яе ў ранішнія гадзіны толькі для гаспадарча-бытавых патрэб і забяспечыць яе зліў, каб паскорыць вывад вады з астаткавым пахам з сістэм водазабеспячэння[1]. Другі дзень жыхары Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў Мінска стаялі ў чэргах па чыстую ваду[2].

З раніцы 26 чэрвеня спіс адрасоў падвозу пітной вады ў Мінску ўключаў 28 месцаў[3]. Паводле кіраўніцтва Мінгарвыканкама ў зону сістэмы водазабеспячэння, дзе ўзніклі праблемы з якасцю вады, патрапіла 2569 дамоў (называлася лічба, што там пражывае 750 тысяч чалавек). У 96 % з іх да гэтага часу былі завершаны работы па прамыванні вадаправодаў. Для правядзення адпаведных наглядных дзеянняў і ўстанаўлення прычын Мінскі гарвыканкам звярнуўся ў пракуратуру[4][5]. Вынікі даследаванняў акрэдытаванай лабараторыі УП «Мінскводаканал» засведчылі, што вада ў размеркавальнай сетцы горада адпавядае санітарным правілам і нормам, але забарона на выкарыстанне водаправоднай вады для піцця не была знята[6].

Папярэднюю версію прычын здарэння агучыў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах надзвычайнае здарэнне адбылося з-за таго, што падчас рамонту застаялая вада патрапіла ў трубы, а калі ўбачылі, што вада не вельмі добрая, сталі чысціць рэагентамі і перадазіравалі[7]. Паколькі рамонтныя работы, што праводзіліся на вадаводзе № 3, маглі стаць прычынай пагаршэння якасці вады ў Мінску, 26 чэрвеня гэты вадавод працягласцю каля 23 км быў адключаны. Водазабеспячэнне горада адбывалася з вадаводаў № 1 і № 2, на якіх ніякія рамонтныя работы не вяліся[8].

Санітарна-гігіенічная служба горада ў вячэрні і начны час правяла і праверыла 108 пробаў вады ў Фрунзенскім, Маскоўскім і Цэнтральным раёнах Мінска. Вынікі лабараторнага кантролю паказалі, што вада адпавядала патрабаванням па доследных арганалептычных і фізіка-хімічных паказчыках. Удзень 27 чэрвеня забарона на выкарыстанне вады на захадзе Мінска была знятая[9].

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

30 ліпеня 2020 года Алег Аўруцін быў звольнены з пасады дырэктара «Мінскводаканала»[10].

У студзені 2023 года вынеслі прысуд па справе. Вінаватымі прызналі зменнага інжынера-тэхнолага «Мінскводаправоду» і інжынера раёна па эксплуатацыі водаправодных сетак № 3, якія з 23 па 24 чэрвеня 2020 года «неналежным чынам выканалі свае службовыя абавязкі», што нанесла ўрон дзяржаўнай маёмасці на суму амаль 595 тысяч рублёў, «прычыненне шкоды здароўю людзей і іншыя цяжкія наступствы».

Зноскі