Дрэварыт

Дрэвары́т, таксама ксілагра́фія (стар.-грэч.: ξύλον, xylon — «дрэва» і γράφω, graphō — «пішу») — гравюра па дрэве; адзін з найбольш старажытных відаў пукатай гравюры, у якой адлюстраванне друкуецца з плоскай паверхні драўлянай дошкі, пакрытай фарбай[1].
Тэхніка
[правіць | правіць зыходнік]Адрозніваюць два асноўныя віды дрэварыту:
- Абразны (падоўжны) дрэварыт: друкарская форма (клішэ) ствараецца на дошцы, распілаванай уздоўж валокнаў драўніны мяккіх парод. Малюнак абразаецца нажом, а свабодныя ад выявы месцы паглыбляюцца долатам. Гэтай тэхніцы ўласцівы абагульненасць малюнка і кантрастныя суадносіны белага і чорнага колераў.
- Тарцовы дрэварыт: клішэ выконваецца на брусках цвёрдых парод драўніны, распілаваных упоперак валокнаў. Тонкія штрыхі малюнка праразаюцца штыхелем. Спалучэнне штрыхоў дазваляе ствараць тоны рознай насычанасці, што часта выкарыстоўваецца для рэпрадуцыравання жывапісных твораў і танальнага малюнка[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Дрэварыт вядомы з VI—VII стагоддзяў у Кітаі, у Еўропе з’явіўся ў XIV—XV стагоддзях. У XIX стагоддзі шырока выкарыстоўваўся для друкавання ілюстрацый і рэпрадукцый. У XX стагоддзі быў пашыраны галоўным чынам у станковай і кніжнай гравюры. У наш час саступіў месца іншым відам гравюры, такім як афорт, літаграфія і лінарыт[1].
Дрэварыт на Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]
На Беларусі першыя абразныя дрэварыты з’явіліся ў пачатку XVI стагоддзя ў выданнях Ф. Скарыны («Псалтыр», «Кніга Іова», «Кніга Ісуса Сірахава» — усе 1517; кніга «Выхад» — 1519). Кніжны дрэварыт дамінаваў да пачатку XVII стагоддзя. Склаліся рэгіянальныя школы беларускага дрэварыту (Віленская школа гравюры, Куцеінская школа гравюры, Магілёўская школа гравюры і інш.). У кніжнай графіцы ў гэтай тэхніцы працавалі П. Мсціславец, М. і В. Вашчанкі, Ф. Ангілейка і іншыя[1].
У XVIII стагоддзі пашырыўся станковы дрэварыт, у тым ліку народны лубок. Дрэварыт беларускіх старадрукаў вызначаецца высокім узроўнем тэхнікі гравіравання і мастацкіх якасцей. У XIX стагоддзі гэты від мастацтва заняпаў. У першай палове XX стагоддзя ў тэхніцы дрэварыту працавалі М. Сеўрук, І. Гембіцкі, Я. Мінін, С. Юдовін, А. Тычына, А. Зайцаў і іншыя[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Т. М. Карэліна, В. Ф. Шматаў. Дрэварыт // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 232. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Ксилография // Популярная художественная энциклопедия: Архитектура. Живопись. Скульптура. Графика. Декоративное искусство: В 2-х кн / Гл. ред. В. М. Полевой. — М.: Большая Рос. энцикл., 1999. — 448 с. — ISBN 5-85270-314-1.
- Фаворский В. А. Литературно−теоретическое наследие / Сост. Г. К. Вагнер. — М.: Сов. художник, 1988. — 588 с. — ISBN 5-269-00094-6.
- Журов А. П., Третьякова К. М. Гравюра на дереве. — М.: Искусство, 1977. — 248 с.
- Павлов И. Н. Жизнь русского гравёра / Ред. и вступ. ст. М. П. Сокольникова. — М.: Изд-во Академии художеств СССР, 1963. — 320 с.
- Павлов И. Н., Маторин М. В. Техника гравирования на дереве и линолеуме. — Изд. 2-е. — М.: Искусство, 1952. — 100 с. (1-е изд. — 1938)
- Сидоров, А. А. Древнерусская книжная гравюра / А. А. Сидоров, АН СССР. Институт истории искусств. — М.:АН СССР, 1951. — 395 с., [5] л. ил.