Кацусіка Хокусай

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Кацусіка Хакусай)
Перайсці да: рух, знайсці
Кацусіка Хокусай, аўтапартрэт

КАЦУСІ́КА Хо́кусай (яп.: 葛飾 北斎; 21 кастрычніка 1760, Эда, цяпер Токіа — 10 мая 1849) — японскі гравёр і малявальшчык. Адзін з самых вядомых мастакоў дамадэрнага японскага мастацтва.

Працаваў падмайстрам ў майстра дрэварыту Накаяма Тэцусон. Пасля вучыўся ў Кацукава Сюнсё, мастака ў жанры укіё-э[1]. Працаваў пад рознымі псеўданімамі, пераймаў розныя стылі. У 1800 годзе ўзяў імя пад якім цяпер вядомы. Выпрацаваў індывідуальны стыль, ажывіў заняпаўшую традыцыю ўкіё-э, узбагаціўшы яе малюнкамі пейзажаў. Стыль Хокусая вылучаецца прастатой і манументальнасцю. Аўтар каля 30 тысяч гравюр і малюнкаў і больш за 500 ілюстрацый. Сярод лепшых твораў — серыі ксілагравюр: «36 краявідаў гары Фудзі» (1833—1829), «Знакамітыя масты» (1827—1830), «Вандроўка па вадаспадах краіны» (1827—1833), «Паэты Кітая і Японіі» (1830). Уменне перадаць рух, тонкасць пейзажаў, а таксама гумар жанравых твораў зрабілі майстра адным з найвядомейшых японскіх мастакоў у Еўропе. Творчасць Хокусая значна паўплывала на еўрапейскае мастацтва канца 19 — пачатку 20 ст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дзяцінства[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям'і рамесніка, які жыў у раёне Кацусіка — бедным прадмесці Эда. Сапраўднае імя — Такітаро[2], але на працягу жыцця ўзяў некалькі дзесяткаў псеўданімаў. Лічыцца, што яго бацькам быў Нікадзіма Ісэ, які вырабляў люстры для сёгуна[2]. Хокусай не стаў спадчыннікам свайго бацькі, таму яго маці мусіць была канкубінай[3]. Паводле версіі аўтарытэтнага даследніка Нарадзакі Мунесігэ, Нікадзіма Ісэ быў толькі прыёмным бацькам хлопчыка, якога яму далі ў навучанне. Сапраўдным жа бацькам Мунесігэ лічыць селяніна Кавамуру, які і аддаў сына Ісэ ва ўзросце чатырох-пяці гадоў. Гэта дазваляе зрабіць выснову, што сям'я Хокусая была з бяднейшых і ў бацькоў не было магчымасці самастойна выхоўваць усіх дзяцей. Таксама можна выказаць здагадку, што Хокусай быў не старэйшым сынам у сям'і, бо на выхаванне ў чужыя сем'і аддавалі толькі малодшых.

Пачаў маляваць ва ўзросце каля шасці гадоў, магчыма навучаўся мастацтву ў бацькі, чыя праца над люстрамі ўключала і іх размалёўку[3]. У 1770 годзе ўладкоўваецца разносчыкам у кніжную краму ў раёне Ёкамацё. Прычыны з-за якіх ён сышоў з майстэрні прыёмнага бацькі, застаюцца невядомымі. У гэты перыяд яго завуць Тэцудзо. Напэўна, менавіта ў кніжнай краме Хокусай навучыўся грамаце, у т.л. кітайскай мове. Наступны этап у жыцці мастака, прыблізна з 1773 года — праца ў майстэрні гравёра, што, мусіць, не было выпадковасцю. На гэты час прыпадае росквіт гравюры ў Японіі, яна мае вялікую папулярнасць і попыт. У цэлым, той час у Японіі характарызуецца значным развіццём культурнай сферы — тэатр, выяўленчае мастацтва, літаратура асвойваюць новыя метады, распрацоўваюцца новыя стылі, адбываецца ўсплёск у кнігадрукаванні. У развіцці ярка выяўляецца ўласцівы японскай культуры сінтэтызм, калі асобныя віды мастацтва і рамёстваў узаемазвязаныя і ўзаемаўплываюць — тэатр у Японіі трывала звязаны не толькі з літаратурай, але і з музыкай, асобным важным жанрам у гравюры з'яўляецца стварэнне партрэтаў акцёраў, гравюра непасрэдна звязана з кнігадрукаваннем, стварэннем малюнкаў на тканінах, масава выкарыстоўваецца ў побыце пры стварэнні віншавальных паштовак і г.д.

Пачатак творчасці[правіць | правіць зыходнік]

На дзяцінства і юнацтва Хокусая прыпадае творчасць многіх японскіх майстроў гравюры — Судзукі Харунобу, Кацукава Сюнсё, Утагава Таёхару[en], наогул ксілаграфія выходзіць на новы ўзровень развіцця ў мастацкім і тэхнічным плане. У майстэрні гравёра Хокусай навучыўся асновам майстэрства разьбы па дрэве, але праца разьбяра-гравёра была абмежавана задумай мастака. Як тэхнічны выканавец, разьбяр не мог адступіць ад задумы мастака, ад яго патрабавалася дакладнасць і асцярожнае стаўленне да працы. Хокусаю былі цесныя гэтыя рамкі і ён пачаў ствараць гравюры па ўласных малюнках.

У 1778 годзе Хокусай паступіў вучнем у студыю Кацукава Сюнсё (1726—1792), вядомага мастака ўкіё-э, які праславіўся партрэтамі акцёраў кабукі. Майстэрня Кацукава была сярод буйнейшых у Эда. Гэты перыяд творчасці Хокусая звычайна завецца «Перыяд Сюнро», ад імя якім ён тады падпісваўся. У 1779 годзе малады мастак зрабіў серыю даволі ўпэўнена скампанаваных тэатральных партрэтаў.

Праца і навучанне Хокусая ў майстэрні былі адзначаны яе гаспадаром. Сюнсё зычлівы да працавітага і акуратнаму вучня, які хвацка выконвае складаныя заказы. Пры агульнай атмасферы беспярэчнай пакоры і пакланення настаўніку ў майстэрні, Хокусай прыцягвае да сябе выключную ўвагу Сюнсё, яму дазволена падпісвацца імем Сюнро, складзеным з частак імёнаў настаўніка (Сюн- — ад Сюнсё, -ро — ад імя Кекуро, якім Сюнсё падпісваўся раней).

Хокусаю дазволена выступіць з самастойнымі працамі, першым яго досведам у 1784—1785 гадах былі гравюры ў жанры якуся-э (адным з відаў тэатральнай гравюры). Гравюры галоўным чынам тыпу хасо-э (вузкія падоўжныя гравюры, з якіх складаліся дыпціхі і трыпціхі, выяўляюць аднаго акцёра). Вядомыя працы Хокусая гэтага перыяду, якія паказваюць тагачасных папулярных акцёраў Іцікаву Дандзюро Пятага[en], Сэгаву Кікудзіро. У працах прасочваецца несумнеўны уплыў Сюнсё, аднак да гэтага часу папулярнасць Хокусая ў жанры якуся-э ўжо параўнальная з папулярнасцю настаўніка. Тонкі густ, уменне перадаць самае важнае, пільная прапрацоўка твораў — усё прычынілася да з'яўлення ўласнага стылю, якому цесна ў рамках школы Кацугавы.

У перыяд Сюнро Хокусай шмат працуе над ілюстраваннем кніг. Збольшага над папулярнай недарагой прадукцыяй, гэтак званай «кібёсі» («кніжкі ў жоўтых вокладках»). Багацце сюжэтаў гэтых выданняў патрабавала ад мастака маляваць як побытавыя сцэны з жыцця гараджан, так і малюнкі з гісторыі Японіі і Кітая. У 1791 годзе Хокусай быў запрошаны зрабіць некалькі гравюр для выдаўца Цутая Дзюдзабуро.

Пасля смерці Сюнсё (1792) школу Кацукава ўзначаліў яго вучань Кацукава Сюн'эй (1762—1819). Каля 1795—1796 гадоў Хокусай пакідае дом Кацугава. Прычыны не да канца ясныя. Зразумела, цалкам сфарміраванаму і вядомаму ўжо мастаку роля вучня была цяжкай, толькі неверагодная самакрытычнасць не дазваляла Хокусаю прызнаць сябе майстрам. Магчыма, ўплыла на сыход і стаўленне новых кіраўнікоў школы, болей зацікаўленых нажывай, чым творчасцю. Паводле некаторых крыніцы, са школы Кацугава Хокусай быў выгнаны за «здраду» — ён шукае новых шляхоў самавыяўлення, вывучае мастацтва школы Кано, спрабуючы выкарыстоўваць прыёмы жывапісу ў кітайскім стылі.

Уласны стыль. Сурымано[правіць | правіць зыходнік]

Пераломнымі ў кар'еры Хокусая былі 1793—1794 гады, пачаўшы самастойную дзейнасць, ён сутыкнуўся з цяжкасцямі, даводзілася жыць надгаладзь, займацца дробным гандлем. Але ў гэты часам працягваецца фарміраванне Хокусая як майстра, ён вывучае розныя школы жывапісу, апроч школы Кано, яго цікавіць школа Сотацу (або Коэцу)[en] з жывапісу ямато-э, асабліва два яе прадстаўнікі — Таварая Сотацу і Огата Корын.

Хокусай адмовіўся ад патурання густам публікі, твораў у жанры укіё-э, і стаў выпрацоўваць уласны стыль, пазычыўшы некаторыя прыёмы японскіх школ жывапісу Рымпа і Тоса, а таксама еўрапейскую перспектыву.

У 1795 годзе выходзяць ілюстрацыі Хокусая да паэтычнай анталогіі «Кэка Эдо мурасакі». У 1796—1799 гады мастак стварае шмат адзінкавых гравюр, а таксама альбомных лістоў — сурымано[en], адбіткаў зробленых на заказ. Сурымано мелі каласальны поспех, неўзабаве іншыя мастакі пачалі імітаваць стыль Хокусая.

Менавіта з 1796 года мастак пачаў карыстацца цяпер шырока вядомым псеўданімам Хокусай. Гэтым імем з 1798 года ён падпісваў гравюрныя лісты і жывапісныя творы, але некаторыя заробленыя на заказ ілюстрацыі ён падпісваў псеўданімам Тацумаса, ілюстрацыі для камерцыйных раманаў выходзілі пад імем Такітаро, іншыя шматтыражныя гравюры і ілюстрацыі да кніг падпісваліся імем Како або Саробэку. У 1800 годзе мастак пачаў называць сябе Гакэдзін Хокусай — «Звар'яцелы на жывапісе Хокусай».

Публічныя выступленні[правіць | правіць зыходнік]

Прыкладна гэтым часам, хоць і жыў у пэўным адасабленні ад грамадства, заваяваўшы аўтарытэт Хокусай часта дэманстраваў майстэрства публіцы. У 1804 годзе на тэрыторыі храма Эда мастак стварыў малюнак Бадхідхармы памерам 240 м². Паміж 1804 і 1813 гадамі праілюстраваў камічныя аповесці, г. зв. «ёміхон», вядомых аўтараў Кёкутэя Бакіна і Рутэя Танэхіко.

Альбомы і серыі. Адасобленае жыццё на Міўра[правіць | правіць зыходнік]

У 1812 годзе завязваецца блізкае сяброўства Хокусая з мастаком Бокусэнам, у выніку ў 1814—1834 гадах у Нагоі выходзіла серыя ілюстраваных альбомаў «Хокусай манга» («Малюнкі Хокусая»)[en]. Знакамітая серыя пейзажных гравюр «Фугаку сандзюрокэй» («36 краявідаў Фудзі») пачала выходзіць у 1831 годзе, на пачатку 1830-х гадоў Хокусай выпусціў гравюры вядомых вадаспадаў, мастоў, птушак і прывідаў, то-бок тыя працы, якімі збольшага ён вядомы цяпер. У канцы 1834 года непасрэдна перад выхадам яго серыі «Фугаку хякэй» («100 краявідаў Фудзі»), шэдэўра яго кніжнай гравюры, мастак пакінуў Эда і на працягу года жыў у рабочым раёне паблізу Урага на паўвостраве Міўра да поўдня ад Эда. У гэты ж перыяд, у 1835 годзе пачала выдавацца яго апошняя сур'ёзная серыя гравюр «Хякунін ісю уба га этокі» — «Сто вершаў у пераказе нянькі», ілюстрацыі да зборніка «100 вершаў 100 паэтаў», агулам для гэтай серыі мастак зрабіў 28 гравюр і 62 эскізы тушшу. Выхад серыі ксілаграфій да паэтычнай анталогіі «Хякунін ісю» быў спынены пасля публікацыі 28 лістоў і застаўся незавершаным.

Зноў у Эда. Беднасць[правіць | правіць зыходнік]

У 1836 годзе мастак вяртаецца ў Эда, у гэты час горад разгромлены навакольнай беднатой і Хокусаю даводзіцца зарабляць на жыццё продажам твораў. У 1839 годзе ў майстэрні Хокусая здарыўся пажар, які знішчыў усе накіды і рабочыя матэрыялы. Пасля гэтага Хокусай, напэўна, маляваў зусім мала, практычна не выпускаў гравюр і кніжных ілюстрацый. Самым вядомым з яго вучнем стаў Татоя Хокэй, ілюстратар кніг і сурымано.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Сурымано[правіць | правіць зыходнік]

Hokusai Carps.jpg

Сурымано[en] — від традыцыйнага японскага мастацтва, каляровая ксілаграфія спецыфічнага, пэўнага прызначэння — падарунак ў колах японскай гарадской інтэлігенцыі. Нагоды падарунку былі якія заўгодна — юбілей, нараджэнне сына, пачатак пары цвіцення вішань, змена прозвішча, надыходзячы Новы год. Жанравая разнастайнасць сурынамо была вельмі багатай, жывапісны план твораў належаў да многіх жанраў — дзінбуцу (малюнак знакамітых асоб), добуцу (малюнак жывёл), кацё (малюнак кветак і птушак), сансуй (пейзаж).

Манга[правіць | правіць зыходнік]

Уплыў на мастацтва і культуру[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Жанр укіё-э з'явіўся ў 17 ст., аб'ектам малюнку з'яўляюцца сцэны штодзённага жыцця.
  2. 2,0 2,1 Nagata, Seiji (1995). Hokusai: Genius of the Japanese Ukiyo-e. Kodansha International, Tokyo.
  3. 3,0 3,1 Weston, Mark (1999). Giants of Japan: The Lives of Japan's Most Influential Men and Women. New York: Kodansha International. P. 116. ISBN 1-56836-286-2.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Воронова Б. Г. Кацусика Хокусай; Графика; В 2-х книгах, в общем переплете и футляре. — М.: Искусство, 1975. — 103 стр., 87 л. илл.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons