Беларуская рэзь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве, зроблены беларускімі майстрамі ў 1683—1685 гадах пад кіраўніцтвам Кліма Міхайлава

Беларуская рэзь, флемская разьба (ад ням.: Flamme — полымя ці ад ням.: flamisch — фламандская[1]) — назва манументальна-дэкаратыўнай аб'ёмна-ажурнай, часта і пазалочанай разьбы на дрэве, якой уласцівы пышны раслінны арнамент з выявамі гронак, жывёл, птушак і людзей[2][3].

Сфарміравалася на землях сучаснай Беларусі ў канцы XVI ст. пад уплывам стыляў рэнесансу і барока. Да лепшых узораў беларускай рэзі прылічваюць іканастас Богаяўленскага сабора і Мікалаеўскай царквы ў Магілёве, Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. Беларускія майстры аздаблялі ёю храмы і палацы Маскоўскай дзяржавы з XVII ст. З-за візуальнага падабенства да полымя творы беларускай рэзі былі вядомы і пад назвай флемская разьба. Майстэрства беларускай рэзі дасягнула росквіту на мяжы XVII—XVIII ст. і захоўвалася да пачатку XIX ст.[3].

Мастацкая разьба па дрэве, як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва вядомая на тэрыторыі Беларусі з XII ст. Мастацтвазнаўства вылучае контурную разьбу, выемчатаю, рэльефную і скразную (ажурную)[4].

Скразная разьба звычайна не мела фону, уяўляла сабою ажурную кампазіцыю. Паводле ўзору ў плоскасцях вылучаюць плоска-ажурную або аб'ёмна-ажурную разьбу[5].

Апошняя мела карніз, прафіляваныя рамкі, пакрывалася папярочнымі жалабкамі, ― гэта надавала паверхні вырабу хвалепадобны выгляд. Затым паверхня пакрывалася ляўкасам (крэйдавым грунтам) і сусальным золатам. Калі сонечныя прамяні скрозь вокны храма падалі на паверхню, здавалася, што плёскаецца агонь. Магчыма, таму разьбу сталі часам называць флемскай (ад нямецкага Die Flamme ― полымя). Праразныя калонкі ўпрыгожваліся вінаграднай лазой і лісцем, кветкамі, пладамі ― дэкаратыўнымі матывамі заходнееўрапейскага барока.

І. Л. Бусева-Давыдава лічыць, што «флемская» паходзіць ад «der Flame» (фламандзец) або «flamisch» (фламандскі) і паказвае на паходжанне гэтага стылю — падобная рэзь практыкавалася ў каталіцкіх манастырах Фландрыі, адкуль манахамі перанесена ў Польшчу і Вялікае Княства Літоўскае[6][7].

Гісторык І. Я. Забелін пісаў пра беларускую рэзь: «… флемская з высокім рэльефам разьба болей падобная да скульптуры з дрэва … Хітрыя перапляценні галінак і арнаментальных матываў з кветкамі, пладамі, вінаградам і яго лісцем»[8].

Але беларуская рэзь значна адрозніваецца ад заходняй флемскай ― плоскаснай, якая служыць толькі фонам або абрамленнем скульптуры. У рускай праваслаўнай царкве, у адрозненне ад каталіцкай, круглая скульптура не дазвалялася, драўляныя скульптуры былі прысценная, без кругавога абыходу. Беларуская рэзь прынесла інтэр'еру царквы аб'ём, стаўшы, па сутнасці, малой скульптурай раслінных формаў. Ордэрныя элементы ― балясы, калонкі, фіялы, вазоны ― упрыгожваліся еўрапейскім арнаментам позняга рэнесансу і ранняга барока: вінаградныя гронкі, кветкі, райскія плады, дэкаратыўныя рамкі-картушы[9].

У 1667―1668 гадах беларускія разьбяры ўдзельнічаюць ў афармленні беларускай рэззю Каломенскага палаца цара Аляксея Міхайлавіча[10].

Велізарны палац упрыгожылі размаляванай аб'ёмнай разьбой: ёю ўпрыгожваліся ўсе ганкі, дахі, галерэі, дзверы, ліштва вокнаў. Разьба ліштвы, напрыклад, уяўляла сабой 3-грана-выямчатыя прарэзкі, жгуцікі ў 1-3 шэрагі, зубчыкі, жалабкі, дынькі, бочкі[11].

Сімяон Полацкі, які быў на адкрыцці палаца, напісаў вершы, якія даюць ўяўленне пра працу разьбяроў

Красоту его мощно равняти
Соломоновой прекрасной палате.
Аще же древо зде не есть кедрово,
но стоит за кедр, истинно то слово.
А злато везде пресветло блистает…
Дом Соломонов тым славен без меры,
яко ваянны име в себе зверы.
И зде суть мнози, к тому и рыкают,
яко живые львы, глас испущают;
Очеса движут, зияют устами,
видится, хощут ходити ногами;
Страх приступити, тако устроенны,
аки живые львы суть посажденны.

Беларускай рэззю (пладамі райскага саду ― вінаграднымі гронкамі, кветкамі, ягадамі смакоўніцы) аформлены сяміярусны, вышынёй у 43 метры, іканастас пскоўскага Траецкага сабора. Канструкцыя іканастаса простая — рама з прамавугольнай сеткай вертыкаляў (кансоляў і калон) і гарызанталяў (карнізаў). Цэнтральныя іконы з'яўляюцца воссю сіметрыі, якая падтрымлівае імкненне ўгору. Разьба, якая ідзе па простай канструкцыі іканастаса, прыдае яму прасторы, ігрой святлаценю стварае выгляд руху[12].

Зноскі

  1. Бусева-Давыдова И. Л.…
  2. Кізіма С. А., …
  3. а б Беларуская рэзь // Культуралогія…
  4. Леонова А. К. Резьба по дереву // Белорусская ССР. Краткая энциклопедия. — Мн.: БелЭн, 1981. — Т. 4. — С. 712.
  5. Сахута Я. М. Разьба па дрэву // Этнаграфія Беларусі. — Мн.: БелЭн. — С. 424.
  6. Szanter Z. Rola wzorów zachodnich w ukształtowaniu ikonostasu w XVII wieku na południowo-wschodnim obszarze Rzeczypospolitej // Teka konserwatorska. Polska południowo-wschodnia. — Rzeszów: 1985. — Т. 2. — С. 93-135.
  7. Janocha M. Ukraińskie i białoruskie ikony świąteczne w dawnej Rzeczypospolitej. Problem kanonu. — Warszawa, 2001. — ISBN 83-88073-01-0.
  8. Забелин И. Е. Домашний быт русских царей в XVI — XVII ст.. — М.: Т-во тип. А. М. Мамонтова, 1895.
  9. Бусева-Давыдова И. Л. Декор русской архитектуры XVII века и проблемы стиля // Архитектурное наследство. — М.: Стройиздат, 1995. — № 38. — С. 38-49.
  10. Абецэдарскі Л. С. Беларусы ў Маскве XVII ст. З гісторыі руска-беларускіх сувязяў. — Выдавецтва БДУ, 1957. — 61 с. Архівавана 17 ліпеня 2016.
  11. Гра М. А. Коломенское. — М.: Московский рабочий, 1963. — 88 с.
  12. Пскоўскі гісторыка-архітэктурны і мастацкі музей-запаведнік. Некалькі слоў пра іканастас Траецкага сабора(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 чэрвеня 2017.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская рэзь // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. Уклад. Дубянецкі Э. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6;
  • Бусева-Давыдова И. Л. Декор русской архитектуры XVII в. и проблема стиля // Архитектурное наследство. Вып. 38. Проблемы стиля и метода в русской архитектуре / Российская Академия архитектуры и строительных наук. НИИ теории архитектуры и градостроительства; Под ред. Н. Ф. Гуляницкогою — М.: Стройиздат, 1995. — 400 с.: ил. С. 39-49.
  • Кізіма С. А., Лянцэвіч В. М., Самахвалаў Дз. С. Гісторыя Беларусі: Курс лекцый. — Мн.: Выд-ва МІК, 2003. — 91 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]