Лазянкоўскі мост

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лазянкоўскі мост
Каардынаты: 52°13′31″ пн. ш. 21°02′57″ у. д.HGЯO
Перасякае Вісла
Месца размяшчэння
Колькасць пралётаў 5
Агульная даўжыня
  • 424,5 м
Адкрыццё 22 ліпеня 1974
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Лазянкоўскі мост (польск.: Most Łazienkowski) — пяціпралётны стальны аўтамабільны мост цераз Віслу ў Варшаве, Польшча. Збудаванне мае 423 м у даўжыню і 28 м у шырыню. На мосце існуюць па тры паласы для руху ў кожным кірунку і тратуары для пешаходаў. Назва звязана з паркам Лазенкі і Лазянкоўскім палацам, якія размешчаны на паўднёвы захад ад моста.

Генеральны план Варшавы, які прадугледжваў будаўніцтва Лазянкоўскага моста быў зацверджаны ў 1960-х гадах. Праект моста быў распрацаваны брыгадай інжынераў бюро «Транспраект» пад кіраўніцтвам Ежы Мазура. Будаўніцтва вялося з 1971 па 1974 год. Афіцыйнае адкрыццё адбылося 22 ліпеня 1974 года ў Дзень адраджэння Польшчы, пра што сведчыць бронзавая мемарыяльная дошка, усталяваная на паўднёвай балюстрадзе[1] Мост стаў працягам алеі Народнай Арміі і ўвайшоў у склад новай Лазянкоўскай трасы.

З 1981 да 1998 года ён насіў назву «Лазянкоўскі мост імя генерала Зыгмунта Бэрлінга» ў гонар польскага военачальніка, удзельніка Другой сусветнай вайны, але гэтая назва практычна не выкарыстоўвалася.

Пасля адкрыцця мост неаднаразова падвяргаўся рамонту. У 1975 годзе на мосце адбыўся першы пажар. Найбуйнейшы пажар адбыўся 14 лютага 2015 года — гарэлі дошкі, дэмантаваныя з тэхнічнага памоста. З-за пашкоджанняў канструкцый моста ён быў закрыты на некалькі месяцаў на рэканструкцыю. Былі цалкам заменены канструкцыі моста. Паўторнае адкрыццё моста адбылося 28 кастрычніка 2015 года[2].

Аўтамабільны рух на мосце досыць інтэнсіўны. У сярэднім па ім праязджае 117 752 аўтамабіляў за дзень (паводле даных 2015 года)[3].

Зноскі

  1. Stanisław Ciepłowski: Napisy pamiątkowe w Warszawie XVII—XX w.. Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1987, s. 34. ISBN 83-01-06109-X.
  2. Most Łazienkowski otwarty. «Gazeta Wyborcza», s. 4, 29 października 2015.
  3. Tysiące pojazdów na mostach. Gdzie najwięcej?

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]