Лебедзь-клікун

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лебедзь-клікун
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Cygnus cygnus (Linnaeus, 1758)

Арэал
выява

  Месцы гнездзішчаў

  Міграцыі

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  174990
NCBI  219595
EOL  913229
FW  369505
Cygnus cygnus

Лебедзь-клікун (Cygnus cygnus) — птушка з сямейства качыных.

Агульная характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Лебедзь-клікун — буйная птушка. Даўжыня цела 145—170 см, размах крылаў 218—250 см; важыць ад 7 да 10 кг, часам больш. Самка крыху меншая за самца. Цела выцягнутае, даўжыня шыі прыкладна роўная даўжыні тулава. Ногі кароткія, аднесены назад. У апярэнні вялікая колькасць пуху. Дзюба цытрынава-жоўтая з чорным кончыкам. Апярэнне белае. Маладыя птушкі маюць дымчата-шэрае апярэнне з больш цёмнай галавой. Чыста белы колер апярэння клікун набывае толькі на трэці год жыцця. Самец і самка вонкава практычна не адрозніваюцца адзін ад аднаго. Шыю клікун трымае прама, не згінаючы яе ў форме літары «S», як лебедзь-шыпун. Лебедзь-клікун крыху драбнейшы за шыпуна.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Насяляе галоўным чынам неглыбокія азёры і вялікія сажалкі, якія маюць зараснікі каля берагоў, а таксама марскія затокі з участкамі трыснягу і мноствам мелін; зімуе ў прыбярэжнай зоне мораў, а таксама на кантынентальных вадаёмах.

Арэал цягнецца ад Ісландыі праз Скандынавію і паўночны ўсход Еўропы, шырокім поясам праз Азію да Камчаткі і Сахаліна. Пералётны від, лакальна аселы (напрыклад, у Ісландыі). Месца зімовак: часткова ў межах гнездавога арэала, акрамя гэтага заходняя і цэнтральная Балтыка, паўднёвая Нарвегія і Швецыя, Данія, Германія, Вялікабрытанія, Ісландыя, Паўднёвая Еўропа, Чорнае і Каспійскае моры, Паўднёвая, Цэнтральная, Усходняя Азія і Малая Азія. На Беларусі рэдкі на гнездаванні від, зрэдку зімуе.

Лебедзь-клікун з’яўляецца нацыянальным сімвалам Фінляндыі.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Гняздо ладзіць на завалах трыснягу або на меліне сярод чароту ці іншай прыбярэжнай расліннасці. Гэта плоская куча з трыснягу, моху, рагозу і да т.п. Высцілка з сухой травы, моху, пер’я і пуху.

Яйкі (5-7) крыху падоўжаныя або блізкія да эліптычных, белыя або брудна-белыя з жаўтаватым адценнем. Памеры: 114,5 × 73,5 мм.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.