Лепта ўдавы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бронзавая лепта (што значыць маленькая), адчаканеная іўдзейскім царом Аляксандрам Янаем

Лепта ўдавы — выраз з Новага Запавету, які стаў крылатым. Гісторыя з ахвяраваннем удавы запісана ў сінаптычных Евангеллях (Марк. 12:41-44, Лук. 21:1-4). Паводле Бібліі, калі Ісус вучыў у Іерусалімскім храме, то Ён звярнуў увагу Сваіх вучняў на вельмі сціплую ахвяру ў дзве лепты. Згодна з Евангеллем ад Марка, дзве лепты разам складалі кадрант  (англ.), самую маленькую рымскую манету. Лепта была маленькай і найменш каштоўнай манетай у абарачэнні ў Іўдзеі і каштавала каля шасці хвілін сярэдняга дзённага заробку.

І хоць удава ахвяруе толькі дзве невялікія манеты, у той час як багатыя людзі ахвяруюць значна большыя сумы грошай, Ісус тлумачыць Сваім вучням, што малыя ахвяры бедных значаць для Бога значна больш, чым вялікія, але прапарцыйна меншыя ахвяраванні багатых.

Эпізод увайшоў у паўсядзённае жыццё. Выраз «унесці сваю лепту» азначае ахвяраваць штосьці, што хоць і здаецца маленькім, але вельмі значнае для ўсяго мерапрыемства.

Біблейскае апавяданне[правіць | правіць зыходнік]

Лепта ўдавы, Джэймс Цісо

Выпадак здарыўся падчас наведвання Іерусалімскага храма. Згодна з Евангеллем ад Лукі:

« І глянуўшы, Ён убачыў багатых, што клалі дары свае ў скарбонку; убачыў таксама і бедную ўдаву, якая паклала туды дзве лепты,

і сказаў: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх паклала; бо ўсе тыя ад лішку свайго паклалі Богу, а яна ад нястачы сваёй паклала ўвесь пражытак свой, які мела.

»

З нагоды надыходзячых святаў у Іерусаліме было шмат пілігрымаў, многія рабілі шчодрыя ахвяраванні. Тым не менш, Ісус звярнуў увагу на ахвяру беднай удавы, якая паклала ў скарбонку толькі дзве лепты, што ў параўнанні з іншымі ахвярамі амаль нічога не значыла. Ісус падкрэсліў, што для Бога важны не памер сумы ахвяравання, а тыя матывы, якімі кіраваўся чалавек, калі рабіў ахвяраванне. Паколькі ўдава аддала ўсё, што ў яе было, усё сваё дзённае харчаванне, то яе ахвяраванне ў вачах Бога значна большае, чым ахвяры багатых, якія ў прапарцыйных адносінах амаль нічым і не ахвяравалі.