Біблія

Біблія (ад грэч. βιβλία / biblia — кнігі, звод кніг[3][4]) — збор старажытных рэлігійных тэкстаў, кананізаваных у іўдаізме і хрысціянстве[3][4], гістарычных паданняў — літаратурных і фальклорных твораў[5]. Першая кніга Бібліі — «Быццё», была напісана каля XVI ст. да н.э. (ёсць меркаванні, што кніга Iова яшчэ больш старадаўняя за Быццё), а апошняя кніга «Апакаліпсіс» — у канцы I ст. н.э. Сама назва «Біблія» паходзіць з грэчаскай мовы — τὰ βιβλία і перакладаецца як «кнігі». Такім чынам, Біблія не з’яўляецца адзінай кнігай, а зборнікам асобных кніг, напісаных у розныя часы рознымі асобамі.
Уключае апавяданні пра паходжанне свету і чалавека, рэлігійныя павучанні, догматы, прароцтвы, малітвы і інш., на працягу тысячагоддзяў біблейскія творы распаўсюджваліся ў рукапісах[4]. У Бібліі адлюстраваліся вераванні, культы, традыцыі, сацыяльныя ўмовы жыццядзейнасці людзей розных гістарычных эпох, іх маральна-этычныя прынцыпы, уяўленні аб светабудове і да т.п. Яе ідэі, вобразы, нормы складаюць духоўную аснову хрысціянскай, іудзейскай і мусульманскай культуры, з’яўляюцца адной з важных крыніц развіцця мастацкай культуры, фарміравання ідэалаў і ўзораў, якія вызначаюць менталітэт грамадства[3]. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы выкарыстоўвае літаратура, выяўленчае, тэатральнае, музычнае і іншыя віды мастацтва[4].
Біблія лічыцца Свяшчэнным Пісаннем для хрысціянскай і іўдаісцкай рэлігій. Складаецца з дзвюх частак — Старога і Новага Запаветаў[3][4][5]. Іудзейская рэлігія прызнае толькі Стары Запавет, хрысціянская — абедзве часткі[4].
Стары Запавет
[правіць | правіць зыходнік]Кананічны тэкст Старога Запавету ўключае 46 кніг, грэчаскі пераклад Септуагінта — на 4 кнігі больш. Большасць кніг Старога Запавета напісаны на арамейскай мове, якая ў той час ужывалася яўрэямі ў паўсядзённым жыцці. Некаторыя кнігі захаваліся толькі ў грэчаскім перакладзе. Паводле іудаісцкай традыцыі стары запавет (Танах) дзеліцца на 3 часткі: «Закон» (Тора), «Прарокі» (Невіім) і «Пісанне» (Ктувім).
Новы Запавет
[правіць | правіць зыходнік]Новы Запавет уключае 27 кніг, напісаных на старажытнагрэчаскай мове, у якіх апісана жыццё і дзейнасць Ісуса Хрыста — 4 Евангеллі, пашырэнне яго вучэння. Таксама значную частку Новага запавету складаюць лісты або пасланні да тагачасных вернікаў Рымскай імперыі ў Грэцыі, Малой Азіі, Палесціны ды Рыму. Заканчваецца Новы Запавет кнігай Апакаліпсіс.
Некананічныя кнігі Старога Запавету
[правіць | правіць зыходнік]Пераклады Бібліі
[правіць | правіць зыходнік]Біблія — найбольш перакладаная кніга ў свеце. На 31 студзеня 2007 г. Біблія выдадзена на 438 мовах, акрамя таго Новы Запавет перакладзены яшчэ на 1 168 моў, а на 848 моў Біблія перакладзена часткова. Паводле даных кнігі рэкордаў Гінеса агульны тыраж надрукаваных Біблій у 1815—1975 гадах склаў 2,5 мільярдаў асобнікаў.
Гісторыя перакладу на беларускую мову
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Беларусі спісы асобных біблейскіх кніг або іх фрагментаў з’явіліся, верагодней за ўсё пасля хрышчэння Русі (986—988). На працягу многіх стагоддзяў Біблія на тэрыторыі сучаснай Беларусі чыталася на царкоўнаславянскай мове. Вядомы дзясяткі рукапісаў XI—XV стст. на царкоўнаславянскай мове. Магчыма, перапісваннем свяшчэнных кніг займалася Ефрасіння Полацкая (XII ст.). Пра сталую біблейскую традыцыю на тэрыторыі Беларусі сведчаць рукапісныя помнікі: Аршанскае, Полацкае, Друцкае Евангеллі, Смаленскі псалтыр і іншыя.
Першым унікальным навукова-папулярным друкаваным выданнем Бібліі на роднай мове, блізкай да тагачаснай старабеларускай літаратурнай мовы, была Біблія Ф. Скарыны. 6 жніўня 1517 г. ён выпускае Псалтыр, потым амаль кожны месяц — новую кнігу Бібліі. За два гады ён выдаў 23 ілюстраваныя кнігі. У першую беларускую Біблію выдавец уключыў амаль паўсотні ілюстрацый: шматлікія застаўкі, іншыя дэкаратыўныя элементы, якія гармануюць з вёрсткай старонак, шрыфтам і тытульнымі лістамі. У яго пражскіх выданнях мноства арнаментальных упрыгожанняў і графічных ініцыялаў. У сакавіку 1525 года ў Вільні Скарына выпусціў «Апостал» («Дзеі і пасланні апосталаў»).
Наступным значным перакладам з’явілася праца Васіля Цяпінскага. Ён быў вядомым прыхільнікам Рэфармацыі ў Беларусі, заснаваў у сваім маёнтку Цяпіна друкарню. Ён выдаў Евангелля ад Матфея, Марка і пачатак Лукі на дзвюх мовах: царкоўнаславянскай і беларускай.
Пазней у 1563 годзе выдадзена Берасцейская Біблія (Радзівілаўская Біблія). Выданнем біблейскіх кніг займаўся С. Будны, І. Фёдараў і П. Мсціславец, С. Собаль, М. Вашчанка і іншых.[4]
На працягу XVII—XIX стагоддзяў не было зроблена ніводнага перакладу на беларускую мову.
У пачатку 1920-х гадоў баптысцкі прэсвітар з Брэста Лукаш Дзекуць-Малей пераклаў Евангелле на беларускую мову. Пазней свае паслугі перакладу прапанаваў Антон Луцкевіч. Ён і далучыўся да працы Дзекуць-Малея. У 1931 годзе выйшаў іх сумесны пераклад Новага Запавету і псалмоў. Наступны пераклад па храналогіі належыць да Вінцэнта Гадлеўскага, які скончыў пераклад Новага Запавету да 1930 года, аднак супрацьстаянне каталіцкіх уладаў дазволіла выпусціць Новы Запавет толькі ў 1939 годзе Вінцэнт пачаў перакладаць і Стары Запавет, аднак загінуў падчас вайны ад рук гестапа. Яго працу працягнуў Пётр Татарыновіч. Аднак пераклад Гадлеўскага і Татарыновіча моцна насычаны паланізмамі. Наступны пераклад звязаны з імем Янкі Станкевіча. Ён першы, хто перавёў ўсю Біблію на беларускую мову. Варта згадаць пераклады Мікалая Мацукевіча, Яна Пятроўскага, Міхася Міцкевіча (брата Якуба Коласа), Анатоля Клышкі, Уладзіслава Чарняўскага. У 2002 годзе Васіль Сёмуха выдаў у Мінску пераклад усёй Бібліі[6] на беларускую мову тарашкевіцай.
З 1989 года здзяйсняе пераклады Святога Пісання Беларуская Біблейская камісія, арганізаваная пры Беларускім Экзархаце мітрапалітам Філарэтам. У 2017 годзе з друку выйшаў поўны пераклад Новага Запавету.
Пераклад кніг Новага Запавету (2017) і Пяцікніжжа Майсея[7] (2025) таксама здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі. Пры падрыхтоўцы перакладу Новага Запавету выкарыстаны тэкст «Лекцыянарыя», які папярэдне (2002—2005) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моў.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сініла Г. В. Біблія як феномен культуры і літаратуры. — Мн: Беларуская навука, 2003.
- Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. ISBN 985-11-0277-6.
- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 157. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.
- Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]| Біблія ў Вікікрыніцах | |
| Біблія на Вікісховішчы |
- Біблія. Кнігі Святога Пісаньня Старога і Новага Запавету кананічныя ў беларускім перакладзе — Перакладчык В. Сёмуха
- Сьвятая Бібля. Кнігі Святога Пісьма Старога і Новага Закону з мовы гэбрэйскае а грэцкае на вялікалітоўскую (беларускую) нанава перакладзеныя / Пераклад Я. Станкевіча і М. Гітліна.
- ↑ https://catalogue.leidenuniv.nl/permalink/f/n95gpj/UBL_ALMA21156493850002711
- ↑ Only the Pure of Heart - TV Tropes
- ↑ а б в г Культуралогія…
- ↑ а б в г д е ё Чалавек і грамадства:…
- ↑ а б Скарына Ф. Творы:… С. 157.
- ↑ Біблія на беларускай мове Архівавана 7 верасня 2013.
- ↑ Выдавецтва "PRO CHRISTO" :: Бібліятэка. www.pro-christo.catholic.by. Праверана 13 сакавіка 2026.