Магілёўскае Беларускае дзяржаўнае педагагічнае вучылішча фізічнага выхавання
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/6/6a/%D0%9C%D0%B0%D0%B3%D1%96%D0%BB%D1%91%D1%9E._%D0%92%D1%83%D0%BB%D1%96%D1%86%D0%B0_%D0%97%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D0%B5%D0%B9%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%B0%2C_29.jpg/220px-%D0%9C%D0%B0%D0%B3%D1%96%D0%BB%D1%91%D1%9E._%D0%92%D1%83%D0%BB%D1%96%D1%86%D0%B0_%D0%97%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D0%B5%D0%B9%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%B0%2C_29.jpg)
Магілёўскае Беларускае дзяржаўнае педагагічнае вучылішча фізічнага выхавання — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова, якая існавала ў Магілёве ў 1923—1956 гадах.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/c/cb/%D0%90%D0%B1%D0%B2%D0%B5%D1%81%D1%82%D0%BA%D0%B0_%D0%BF%D1%80%D0%B0_%D0%BD%D0%B0%D0%B1%D0%BE%D1%80_%D0%BD%D0%B0%D0%B2%D1%83%D1%87%D1%8D%D0%BD%D1%86%D0%B0%D1%9E_%D1%83_%D0%9C%D0%B0%D0%B3%D1%96%D0%BB%D1%91%D1%9E%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%BF%D0%B5%D0%B4%D0%B0%D0%B3%D0%B0%D0%B3%D1%96%D1%87%D0%BD%D1%8B_%D1%82%D1%8D%D1%85%D0%BD%D1%96%D0%BA%D1%83%D0%BC._%D0%93%D0%B0%D0%B7%D0%B5%D1%82%D0%B0_%C2%AB%D0%97%D0%B2%D1%8F%D0%B7%D0%B4%D0%B0%C2%BB%2C_1935_%D0%B3.jpg/220px-thumbnail.jpg)
У 1921 годзе ў СССР пачалася чарговая рэарганізацыя ў сістэме народнай адукацыі: інстытуты народнай адукацыі пераўтвараліся або ў практычныя інстытуты, або ў педагагічныя тэхнікумы. У Гомелі, як цэнтры губерні, планавалася стварыць практычны інстытут, у Магілёве, як павятовым горадзе, — педтэхнікум. Перспектыва пераўтварэння Магілёўскага інстытута народнай адукацыі ў тэхнікум не задавальняла ні выкладчыкаў, ні студэнтаў. Савет інстытута прызнаў магчымым і неабходным існаванне практычнага інстытута ў Магілёве, інфармаваў аб гэтым цэнтральныя ўлады, запрашаў дэлегата «цэнтра» ў Магілёў для азнаямлення з сітуацыяй на месцы. Каля 200 студэнтаў напісалі заявы з просьбай перавесці іх у практычны інстытут народнай адукацыі[1]. На пасяджэнні яго Савета 3 кастрычніка 1921 г. у адпаведнасці з рашэннем Галоўпрафадукацыі, з улікам таго, што інстытут мае «лепшыя ў губерні выкладчыцкія кадры», было абвешчана аб адкрыцці Магілёўскага практычнага інстытута народнай адукацыі[1].
Але заканчэннем грамадзянскай вайны становішча не палепшылася. Востры фінансавы, сацыяльна-эканамічны крызіс, высокія тэмпы інфляцыі паставілі многія інстытуты на мяжу выжывання. Дзяржава была не ў стане ўтрымліваць вялікую колькасць ВНУ. У ліпені 1923 г. СНК СССР прыняў дэкрэт «Аб закрыцці і рэарганізацыі некаторых вышэйшых навучальных устаноў». На базе інстытута быў створаны Магілёўскі Беларускі педагагічны тэхнікум. Сюды была пераведзена частка выкладчыкаў, студэнты падрыхтоўчага аддзялення і першага курса. Старшакурснікі атрымалі магчымасць працягнуць вучобу на педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта[1].
Для падрыхтоўкі нацыянальных кадраў у галіне дашкольнага выхавання ў 1933 г. па рашэнні ўрада БССР на базе дашкольнага аддзялення Магілёўскага педтэхнікума быў арганізаваны Магілёўскі дашкольны педагагічны тэхнікум. У 1937 г. усе педтэхнікумы СССР былі перайменаваны ў вучылішчы[2]. Размяшчалася ў будынку былога Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча па вуліцы Вароўскага[2].
Паколькі асноўнай спецыялізацыяй Магілёўскага Беларускага дзяржаўнага педагагічнага вучылішча была падрыхтоўка настаўнікаў фізічнай культуры, яно было ў 1949 годзе перайменаваны ў Магілёўскае педагагічнае вучылішча фізвыхавання[2]. У 1956 г. загадам Міністэрства асветы БССР педагагічнае вучылішча фізвыхавання было зачынена, а яго матэрыяльна-тэхнічная база, навучэнцы і частка выкладчыкаў перададзены Магілёўскаму дашкольнаму педагагічнаму вучылішчу[2].
Зноскі
- ↑ а б в Гісторыя Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта (1913—1940 гг.): дакументы і матэрыялы / аўт.-склад.: А. Р. Агееў, К. М. Бандарэнка, В. П. Клімковіч; пад агульн. рэд. К. М. Бандарэнкі. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2008. — 216 с. ISBN 978-985-480-500-9.
- ↑ а б в г История колледжа Архівавана 29 верасня 2020.