Перайсці да зместу

Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж  (МагДМК)
Дата заснавання 1865
Тып каледж
Дырэктар Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў
Размяшчэнне Сцяг Беларусі Магілёў
Адрас г. Магілёў, вул. К. Маркса, 13
med1.by

Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж (МагДМК) — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова ў г. Магілёў. Размешчаны па адрасе вул. К. Маркса, 13. Вядзецца навучанне па спецыяльнасцях: лячэбная справа, сястрынская справа, фармацыя, медыка-дыягнастычная справа.

У 1847 годзе пры Магілёўскай лякарні прыказа грамадскага догляду была адкрыта «родадапаможная ўстанова па падрыхтоўцы павітух». Аддзяленне штогод рыхтавала толькі некалькі выпускніц.

23 лютага 1865[1] г. пачала работу Магілёўская школа павітух, заснаваная па праекце акушэра Магілёўскай губернскай медычнай управы Мікалая Мартынавіча Мандэльштама. Тут рыхтаваліся сельскія павітухі з ліку сялянак Магілёўскай губерні. Для яе быў адведзены спецыяльны будынак шпіталя, дзе размясціліся класы для выкладання і кватэры для вучаніц. Навучаліся жанчыны ад 20 да 35 гадоў. На кожны курс прымалася 18 чалавек: 14 сялянак і 4 вольныя слухачкі з аплатай па 40 рублёў за курс навучання[2].

Асноўнымі выкладчыкамі школы былі дырэктар М. Мандэльштам і лекары бальніцы, выпускнікі Кіеўскага, Харкаўскага, Маскоўскага ўніверсітэтаў. 6 мая 1874 г. было прынята пастанова аб пераўтварэнні школы ў Цэнтральную школу павітух для Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губерняў. Школа была разлічана на 50 вучаніц-пансіянерак і на 20 вольных слухачак. Навучанне праводзілася ў розныя тэрміны: найбольш здольныя вучыліся 1 год 10 месяцаў, большасць — 2 гады, а тыя, хто дрэнна авалодваў ведамі — 2 гады 2 месяцы[2].

Вопыт школы быў выкарыстаны для заснавання 14 студзеня 1875 г. Магілёўскай цэнтральнай фельчарскай школы, што рыхтавала кваліфікаваных фельчараў з асоб сялянскага паходжання. Яна размясцілася ў цагляным будынку, пабудаваным за кошт земскіх збораў трох губерняў па распараджэнні губернатара Аляксандра Дамбавецкага[2]. Прымаліся асобы жаночага полу ад 18 да 25 гадоў, штогод — па 18 слухачоў, з якіх 14 з сялянскага асяроддзя накіроўвалі на пансіённае забеспячэнне, а 4 месцы прадастаўлялі вольным слухачам розных саслоўяў. Існавалі 2 падрыхтоўчыя і 2 спецыяльныя класы. Тэрмін навучання — 3—4 гады. Выпускніцы-пансіянеркі павінны былі адпрацаваць па 1,5 гады за кожны год навучання ў якасці сельскіх павітух у губерні, якая іх утрымлівала[1]. Адукацыя, атрыманая ў гэтай ўстанове, дазваляла яе выпускнікам пры неабходнасці выконваць функцыі ўрачоў. Па колькасці прадметаў і аб’ёму ведаў яна пераўзыходзіла такія ж установы Расійскай імперыі і служыла для іх узорам. Магілёў быў адзіным беларускім горадам, дзе існавалі дзве медыцынскія ўстановы такога ўзроўню[2].

Выпускніцы Цэнтральнай фельчарскай школы 1906 года, г. Магілёў

У 1902 г. быў урачыста адкрыты новы мураваны будынак[2]. У 1907 г. з мэтай паляпшэння медыцынскага абслугоўвання сельскага насельніцтва фельчарская школа была пераўтворана ў Магілёўскую фельчарска-акушэрскую, статут якой зацвердзілі 24 кастрычніка 1913 г. Высокі ўзровень падрыхтоўкі дазваляў выпускнікам гэтай навучальнай установы замяшчаць пасаду ўрача[1].

У 1923 г. на яе базе арганізаваны медыцынскі тэхнікум, а ў 1926 г. — медпалітэхнікум з акушэрскім і фармацэўтычным аддзяленнямі. У 1937 г. рэарганізаваны ў фельчарска-акушэрскую і фармацэўтычную школу з колькасцю навучэнцаў у 1200 чалавек[1].

У гады Вялікай Айчыннай вайны многія выпускнікі і выкладчыкі змагаліся ў радах Чырвонай Арміі, удзельнічалі ў партызанскім руху[1].

У 1956 г. Бабруйская і Магілёўская навучальныя ўстановы аб’яднаныя ў Магілёўскае медыцынскае вучылішча, якое рыхтавала фельчараў, акушэраў, медсясцёр, клінічных лабарантаў, фармацэўтаў[1].

З 1976 г. у вучылішчы працавала аддзяленне ўдасканалення кваліфікацыі спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай і фармацэўтычнай адукацыяй[1].

У 1985 г. створаны музей гісторыі вучылішча, у якім сабраны цікавыя экспанаты і дакументы. З 2007 г. УА «Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж»[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж(недаступная спасылка)
  2. а б в г д kropki.by — інтэрактыўная мапа Магілёва(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2022. Праверана 22 жніўня 2022.
  • Аўчыннікава, А. Мудрасць прыходзіць з гадамі / А. Аўчыннікава / Звязда. — 2002. — 23 красавіка. — С. 12
  • Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдактар Г. П. Пашкоў. — Мінск, 1999. — Т. 9. — С. 460.
  • Гришанова, Л. От повитух до светил медицины / Л. Гришанова // Магілёўскія ведамасці. — 2009. — 17 лютага. — С. 3 : фото.
  • Гришанова, Л. «Ромашки» из фельдшерской школы / Л. Гришанова // Магілёўскія ведамасці. — 2008. — 28 чэрвеня. — С. 13 : фото.
  • Дзядзюля, А. Магілёўскі медбрат ідзе нарасхват / А. Дзядзюля // Чырвоная змена. — 2001. — 14 ліпеня. — С. 6.
  • Клименко, Е. Фармацевты «родом» из Могилева / Елена Клименко // Медицинский вестник. — 2006. — 13 июля. — С. 11.
  • Кривощеков, Ю. Повивальная бабка: здорова, красива, понятлива. И молода / Юрий Кривощеков // Медицинский вестник. — 2009. — 4 июня. —С. 5 : фото.
  • Курков, И. Лучшие повитухи империи / И. Курков // Обозреватель. —2004. — 18 июня. — С. 12.
  • Памятная книжка Могилевской губернии на 1876 год : репринтное издание. — Гродно, 2011. — С. 15—16.