Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская (Пінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Маці Боская Адзігітрыя Іерусалімская.jpg
Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская. XVI стагоддзе
Матэрыял драўніна
Тэхніка яечная тэмпера

Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская — абраз XVI ст. з Варварынскай царквы Пінска[1].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Абраз напісаны на чатырох дошках, пакрыты пазалотай, адзначаны выцягнутымі прапорцыямі і ў некаторай ступені цемнаватаю каляроваю гамаю. Ікона была выканана яечнаю тэмперай на дошцы, на цяперашні час — пад пацямнелым пакостам. Памеры іконы, якую выявіла ў 1958 годзе 3-я экспедыцыя Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, — 188×139×2,5 см[1].

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Божая Маці, адлюстраваная на пазалочаным фоне амаль да каленяў, адзета ў рызы: сіні хітон з бела-чырвонаю аблямоўкаю, якую па гарлавіне і рукавах упрыгожвае пазалочаны і жамчужны арнамент; мафорый цёмна-чырвонага колеру на ружовай падкладцы і сіні чапец. Сын Божы, які сядзіць на яе левай руцэ, адзеты ў вохрыста-сіні хітон і цёмна-чырвоны з тонка нанесеным[2] асістам плашч[1]. Божае Дзіця трымае ў левай руцэ скрутак, а праваю бласлаўляе.

Уверсе, па вуглах, з-за сініх драпіровак, якія ўмоўна абазначаюць нябёсы, выглядаюць анёлы ў белых, чырвоных рызах з выразам смутку, яны трымаюць Прылады Страсцей. Німбы Багародзіцы і Божага Дзіцяці аграфлены[1], гэтак жа як і арнаментаваныя звілістыя парасткі[3]. Характэрнымі рысамі абраза з'яўляюцца незвычайная велічнасць кампазіцыі і манументальны вобразны строй разам з падкрэсленай выразнасцю выяўленчай мовы[4].

Захаванасць[правіць | правіць зыходнік]

Рэстаўрацыя не праводзілася, адзначаюцца значныя страты фарбавага пласта, ікона пакрыта пакостам, які пацямнеў[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Абраз выяўлены ў 1958 годзе ў Варварынскай царкве Пінска[1].

Ікона выканана ў традыцыях старажытнарускага мастацтва[5] і, тым не менш, з яўнымі рысамі візантыйскай традыцыі. На сувязь абраза з познепалеалогаўскім адраджэннем указваюць вытанчаны рысунак, класічна правільныя рысы аблічча, багаты і даволі шорсткі асіст і густы колер[4]. Ухіл у бок графічнасці выдзяляе гэтую вельмі прафесійна выкананую перапрацоўку грэчаскага ўзору і моцна адрознівае абраз ад ікон наўгародскай школы з такой жа іканаграфіяй[2]. У той жа час каларыт, прыгажосць, абрысы і музычнасць ліній абраза, яго трапяткі і далікатны жывапіс лікаў цёмнай карнацыі пераклікаюцца з творамі іканапісца Дзіянісія[5][4].

Абраз «Божая Маці Адзігітрыя Іерусалімская», які з'яўляецца помнікам іканапісу XVI стагоддзя[6][7][2][Заўв 1] і вылучаецца мастацкаю выразнасцю[5].

Магчыма, іменна гэта ікона і ёсць тая самая вядомая рэліквія скасаванага пінскага Лешчанскага манастыра, пра якую ў канцы XIX стагоддзя ўпаміналі краязнаўцы А. І. Мілавідаў і Л. Паеўскі(польск.) бел.[4].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Іншы раз у якасці датавання абраза прыводзяць XV стагоддзе. Гл.: Гісторыя беларускага мастацтва / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш; Рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1987. — Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. — С. 192. — 304 с.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 Балыкина Е. Н. ШЕДЕВРЫ ИКОНОПИСИ БЕЛАРУСИ XII—XVIII ВВ. (руск.) 
  2. 2,0 2,1 2,2 Пуцко В. Г. Белорусская иконопись XVI–XVIII вв. на путях европеизации и фольклоризации // Белорусский сборник: статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. — СПб.: РНБ, 2005. — В. 3. — С. 45.
  3. Іканапіс Беларусі XV—XVIII стагоддзяў / Аўт. тэксту і склад. Н. Ф. Высоцкая. — Мн.: Беларусь, 2001. — С. 30 (илл. № 5). — ISBN 985–01–0342–6.
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 Гісторыя беларускага мастацтва / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш; Рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1987. — Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. — С. 193. — 304 с.
  5. 5,0 5,1 5,2 Іканапіс Беларусі XV—XVIII стагоддзяў / Аўт. тэксту і склад. Н. Ф. Высоцкая. — Мн.: Беларусь, 2001. — С. 8. — ISBN 985–01–0342–6.
  6. Баравы Р. В., Якімовіч Ю. А. Пінскія касцёлы бернардзінцаў // Архітэктура Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 392. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
  7. Пинский костёл и коллегиум бернардинцев // Республика Беларусь / Редкол.: Г. П. Пашков и др. — Мн.: БелЭн, 2008. — Т. 6. — С. 69. — 752 с. — ISBN 978-985-11-0407-5.